5 жніўня завяршыліся ўрачыстасці ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Пана Езуса Журботнага ў Росі.
Сёлета гэта былі юбілейныя ўрачыстасці, калі адзначаецца 400 гадоў з часу першага цуду, які спазнала сляпая жанчына. Гэты цуд быў занатаваны ў “Кнізе ласкаў і цудаў Пана Збаўцы нашага ў рыма-каталіцкім касцёле ў мястэчку Рось Ваўкавыскага павета з 1745 г.”, якая знаходзіцца ў парафіі да сённяшняга дня.
Адчулі на сабе позірк Бога
Шматлікія воты і сведчанні, складзеныя пад прысягай і запісаныя ў кнізе, кажуць пра аздараўленні, навяртанні і іншыя ласкі, атрыманыя тымі, хто ўзносіў малітвы Хрысту перад гэтай фігурай.
Сучасныя людзі таксама вераць у моц Божага дзеяння і ў тое, што Бог і сёння аздараўляе. Таму ў гэтым годзе сотні пілігрымаў з нашай краіны і з замежжа прыйшлі, каб паглядзець у незвычайныя вочы Хрыста. Каб, як адзначыў падчас урачыстай Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, “адчуць на сабе позірк Хрыста, які жадае благаславіць кожнага і перамяніць чалавечы смутак у радасць”.
Іерарх падкрэсліў, што, каб стаць сведкам незвычайных цудаў у сваім жыцці, чалавеку патрэбна глыбокая вера, бо толькі яна з’яўляецца гарантыяй аздараўлення. “Нам патрэбна вера, такая вера, якая ніколі не дазволіць нам адхіліцца ад Бога”, – дадаў біскуп.
Прыбылі засведчыць, што Пан вялікі
Падчас Эўхарыстыі дзве сям’і прынеслі да алтара воты як падзяку за дар бацькоўства. Доўгі час яны не маглі мець дзяцей, урачы і найлепшыя спецыялісты не маглі ім дапамагчы.
Як адзначылі яны, менавіта Езус Журботны даў ім гэтую доўгачаканую ласку, бо яны маліліся ў Росі аб гэтым і ўдзельнічалі тут у рэкалекцыях. Іх просьба была выслухана. На сёлетнія ўрачыстасці яны прыбылі, каб засведчыць, што Пан вялікі, дастаткова толькі даверыцца Яму.
На заканчэнне ўрачыстасцяў кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч падзякаваў за тое, што Рось для многіх – прыстанак у штодзённым імкненні праз жыццё. Многія набліжаюцца тут да Бога, многія пакілаюць гэтае месца адноўленымі людзьмі, здольнымі любіць, прабачаць, дзяліцца, дзякаваць…
Няхай жа вестка аб тым, што “роскі” Хрыстус благаслаўляе сваёй рукой і чулы да чалавечых цярпенняў, распаўсюджваецца па ўсім свеце, каб тут кожны мог адчуваць сябе як дома! Каб тут знаходзіў ласку, якая патрэбна яму менавіта ў гэтую хвіліну.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Максім Хаванскі