29 ліпеня ў навагрудскім касцёле Перамянення Пана адбылася св. Імша памяці с. Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, якія ў гады Другой сусветнай вайны аддалі жыццё за бацькаў сем’яў і за кс. Аляксандра Зянкевіча.
Св. Імшу з нагоды 75-ай гадавіны расстрэлу сясцёр назарэтанак узначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Разам з ім яе канцэлебравалі арцыбіскуп Тадэвуш Войда (Мітрапаліт Беластоцкі), біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і архімадрыт Сяргей Гаек.
У святыні сабраліся шматлікія манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, вернікі з Беларусі і замежжа.
На распачацце ўрачыстасці да сабраных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх распавёў пра веліч ахвяры благаслаўлёных манахінь і падзякаваў Богу за дар сясцёр мучаніц для Касцёла: “Здаецца, што ніхто ўласнымі сіламі не ў стане адважыцца на такую гераічную любоў. Аднак гісторыя ведае прыклады мучанікаў, якія, умацаваныя Божай ласкай, здолелі дасягнуць вяршыні святасці на шляху менавіта такой бязмежнай любові да бліжняга, ажно да ахвяры ўласнага жыцця. Да ліку такіх герояў веры належаць благаслаўлёныя сёстры мучаніцы з Навагрудка”.
Пасля ўсіх прысутных у святыні прывітаў арцыбіскуп Габар Пінтэр. У гаміліі прадстаўнік Святога Айца таксама падкрэсліў моц ахвярнай любові: “Сёння перамога мучанікаў, іх сведчанне, моцай Бога працягвае прыносіць плён у Беларусі, у Касцёле, які атрымлівае ўзмацненне ад іхняй ахвяры”. Іерарх дадаў, што "сёстры максімальна рэалізвалаі сваё пакліканне, аддаючы свае жыцці за сем’і".
Апостальскі Нунцый наблізіў вернікам сутнасць мучаніцтва, адзначыўшы, што "гэта ласка выбраных. Сёстры, сярод тэрору вайны, праз малітву, ахвяру, салідарнасць раздзялілі лёс пераследаваных людзей. Бог паклікаў усю іхнюю супольнасць да асаблівай місіі. Аб'яднаныя любоўю, яны разам пайшлі на смерць і разам узнесеныя да хвалы алтара.
Здараецца, што словам «мучанік» называюць і тых, хто памірае за «справу», напрыклад, за ідэю, за рэвалюцыю, нават за «святую вайну», распаленую фанатыкамі. Аднак, найчасцей падобныя ”мучанікі” з'яўляюцца прычынай яшчэ большых пакут для іншых. Сапраўдны “мучанік” (ад грэцкага “сведак”) зносіць пераслед і пакуты проста за тое, што з'яўляецца хрысціянінам - сведкам Хрыста".
Арцыбіскуп Габар Пінтэр звярнуў увагу прысутных і на сучасную сітуацыю ў свеце, падкрэсліваючы, што хрысцяіне пакутуюць ад пераследу у шматлікіх кутках зямлі: у Сірыі, Судане і г.д. “Вялікая колькасць хрысціянаў сёння перажывае і т. зв. “белае” мучаніцтва, пераслед і ганенні без праліцця крыві, проста стараючыся жыць верай і быць вернымі вучэнню Касцёла ва ўсё больш бязбожным свеце. Не трэба дзівіцца гэтаму пераследу, як папярэджваў Езус, а трэба радавацца, як радаваліся благаслаўлёныя сёстры з Навагрудка, бо вялікая будзе ўзнагарода ў небе", - дадаў іерарх.
Найбольш кранальнай часткай св. Імшы стала працэсія са Святымі Дарамі. Удзельнікі шэсця склалі на алтар Пана сімвалічныя прынашэнні: пальмавую галінку, кнігу, сцяг навагрудскай школы, дзе служылі загінўшыя сёстры назарэтанкі. Апошні прынеслі былыя навучэнцы сясцёр мучаніц, якія прыбылі на ўрачыстасць, каб ушанаваць сваіх выхавацельніц. Сваёй прысутнасцю яны "ажывілі" ўспаміны пра благаслаўлёных манахінь, дазволіўшы вернікам "дакрануцца" да вялікай гісторыі.
На заканчэнне св. Імшы вернікі прынялі ўдзел у яшчэ адной важнай падзеі: быў прачытаны дэкрэт, якім фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку абвешчаны санктуарыем благаслаўлёных сясцёр-мучаніц Марыі Стэлы і паплечніц. Цяпер Гродзенская дыяцэзія налічвае восем святых месцаў, куды вернікі могуць імкнуцца са сваімі просьбамі і падзякамі.
Пасля завяршэння службы сабраныя ў святыні ўшанавлі пацалункам рэліквіі благаслаўлёных манахінь і накіраваліся ў прыкляштарны сад на супольны пачастунак.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая