4 верасня прыпадае літургічны ўспамін бл. Марыі Стэлы і 10 яе паплечніц, мучаніц з Навагрудка, якія 1 жніўня 1943 г. аддалі сваё жыццё за бацькаў сем’яў.
Мучаніцы абралі смерць дабравольна. Як Максімільян Марыя Кольбэ, яны ахвяравалі сябе, каб уратаваць іншых. 11 манахінь з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Навагрудку былі забіты 1 жніўня 1943 г. Днём раней сёстры прыйшлі ў гестапа, каб ахвяраваць сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных немцамі і прыгавораных да расстрэлу.
Немцы згадзіліся. Арыштаваныя людзі перажылі вайну. Манахіні былі расстраляны. 5 сакавіка 2000 г. іх беатыфікаваў Папа Ян Павел ІІ. Сёстры Стэла, Імельда, Раймунда, Даніэла, Канута, Сергія, Гвідона, Феліцыта, Гелеадора, Канізія і Барамэя вядомыя як благаслаўлёныя мучаніцы з Навагрудка. У хвіліну смерці найстарэйшай з іх было 55, а наймалодшай – 27 гадоў.
Перад смерцю прамовілі Ружанец
Калі ў ліпені 1943 г. гестапа арыштавала 120 жыхароў Навагрудка, сёстры не вагаліся ні хвіліны.
“Лепш няхай нас Пан Бог прыме, абы тыя людзі засталіся жывыя”, - казала маці-настаяцельніца Марыя Стэла. Яе словы вельмі добра запомніла адна з выжыўшых манахінь, с. Малгажата Банась. Сястра Малгажата, якая засталася ў клятары па даручэнні настаяцельніцы, праз некалькі дзён пасля экзекуцыі знайшла магілу сваіх паплечніц з Навагрудка.
Сястра Малгажата была таксама сведкай апошняй малітвы манахінь. Адзінаццаць сясцёр 31 ліпеня 1943 г. укленчылі і прамовілі Ружанец. Пасля малітвы яны ўсталі і пайшлі да сядзібы гестапа.
Нікому не адмаўлялі ў дапамозе
Назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак у 1929 г. Працавітыя манахіні хутка здабылі павагу шматрэлігійнай і шматнацыянальнай супольнасці – акрамя палякаў, тут жылі беларусы, татары і яўрэі.
Сёстры рэалізоўвалі экуменічнае служэнне, нікому не адмаўляючы ў дапамозе. Ужо праз год пасля прыезду яны адкрылі базавую школу (у той час называлася агульнай) і інтэрнат.
Калі 17 верасня 1939 г. Савецкі Саюз здзейсніў здрадніцкі напад на Польшчу, рэалізуючы свой пакт з Германіяй, Навагрудак апынуўся пад бальшавісцкай акупацыяй. Новая ўлада змагалася з польскім нацыянальным элементам, а галоўнай мэтай атакі абрала рэлігію. У сясцёр назарэтанак савецкія ўлады адабралі школу, інтэрнат, а таксама гаспадарчыя збудаванні. Манахіні былі вымушаны шукаць заробкавую працу ў горадзе.
Пад першай і другой акупацыяй
Сёстры праводзілі і дабрачынную дзейнасць. Яна была асабліва патрэбная ў сітуацыі ўзмацнення рэпрэсій. Назарэтанкі таксама рыхтавалі дзяцей да Першай Камуніі, патаемна навучалі і
Савецка-нямецкае сяброўства скончылася 22 чэрвеня 1941 г. нападам ІІІ Рэйха на нядаўняга саюзніка. Пачалася другая, на гэты раз нямецкая, акупацыя. Пачалася вельмі крывава, бо ўжо пад канец ліпеня немцы расстралялі 60 жыхароў горада.
Манахіні не пакінулі сваіх суседзяў і ў гэтыя цяжкія часы. Для іх набліжаліся хвіліны найвышэйшага выпрабавання.
Глядзелі смерці проста ў вочы
У гэтым выпрабаванні яны перамаглі. Старэйшыя жыхары Навагрудка памятаюць яшчэ, як яны ішлі вечарам 31 ліпеня, каля 20 гадзін, да сядзібы навагрудскага гестапа. Пазней ніхто ўжо, акрамя нямецкіх карнікаў, не бачыў сясцёр жывымі.
Яны былі расстраляны 1 жніўня на досвітку, у маленькім бярозава-сасновым гаі, у 5 км ад Навагрудка.
Крыж на месцы мучаніцкай смерці сясцёр у Батароўскім лесе каля Навагрудка
Гераізм манахінь, якія да канца захавалі спакой, гледзячы смерці проста ў вочы, выклікаў міжвольнае здзіўленне гестапаўцаў. Адзін з іх пазней успамінаў: “Ах, як гэтыя сёстры ішлі на экзекуцыю! Трэба было бачыць, як яны ішлі!” Другі з гестапаўцаў казаў, як назарэтанкі маліліся перад смерцю, развітваліся адна з адной і як кожную з іх благаславіла маці-настаяцельніца. Карнікі споўнілі адно з пажаданняў сясцёр, якія прасілі, каб іх расстралялі ў хабітах. І сапраўды так сталася.
Праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка, чыя кроў акрапіла нашу зямлю, будзем прасіць у Бога патрэбныя дары і ласкі для нас саміх, нашага Касцёла і краіны!
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч