Skip to main content

Фарны касцёл у Навагрудку абвешчаны санктуарыем благаслаўлёных мучаніц-назарэтанак

sanktuaryj dekret 129 ліпеня фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку быў абвешчаны санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка.

Урачыстае абвяшчэнне адбылося на заканчэнне святкавання 75-годдзя мучаніцкай смерці манахінь, у якім прынялі ўдзел шматлікія духоўныя і свецкія асобы і якое ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Устанаўліваючы яшчэ адзін санктуарый у Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч меў на мэце духоўнае дабро вернага люду, а таксама кіраваўся жаданнем пашырэння сярод духавенства, канскэраваных асобаў і свецкіх вернікаў культу благаслаўлёнай Марыі Стэлы і іншых 10 мучаніц з Навагрудка.

sanktuaryj dekret 2

Новы санктуарый, дзе змешчаны рэліквіі мучаніц, будзе месцам асаблівай памяці, абвяшчэння і перадачы наступным пакаленням сведчання гераічнай любові да Бога і бліжняга, якое склалі сёстры назарэтанкі з Навагрудка ў часы Другой сусветнай вайны.

У дэкрэце біскуп Гродзенскі выказвае надзею, што “прыклад благаслаўлёных мучаніц і іх бязмежная вернасць Хрысту Пану і Яго Евангеллю ўзбудзіць у сэрцах сучасных хрысціян жаданне супрацоўніцтва з Божай ласкай і нястомнага ўзрастання ў асабістай святасці”.

Фарны касцёл, або так званая “белая Фара” ў Навагрудку, быў пабудаваны князем Вітаўтам у гатычным стылі ў канцы XIV стагоддзя. Свой сучасны выгляд святыня набыла пасля перабудовы на пачатку XVIII ст.

У гэтым касцёле 12 лютага 1799 г. быў ахрышчаны паэт Адам Міцкевіч, пра што нагадвае памятная табліца, змешчаная звонку. Менавіта ў гэтай святыні перад абразом Маці Божай ён у дзяцінстве па малітве сваёй маці быў аздароўлены ад цяжкай хваробы, пра што ўзгадвае на самым пачатку паэмы “Пан Тадэвуш”.

 

Kс. Юрый Марціновіч