Skip to main content

Нататкі паломніка са шляху да сясцёр мучаніц з Навагрудка. Дзень 5

vika czaczotka lidЗдавалася, сёння будзе звычайны дзень. Прачнуліся, паснедалі і пайшлі ў касцёл. Але наперадзе нас чакала вельмі шмат сюрпрызаў...

Па-першае, падчас святой Імшы мы даведаліся, што сёння Касцёл успамінае святых Яўхіма і Ганну, бацькоў Марыі. І наша сястра Ганна з нагоды сваіх Імянінаў – на радасць усім – прыгатавала салодкі пачастунак для кожнага пілігрыма.

vika czaczotka 7

Па-другое, у парафіі ў Жалудку была пастаўлена фігура Маці Божай Балеснай, якая трымае на руках Езуса. Ксёндз пробашч Ян Рэйшаль даручыў асвяціць яе нашай пілігрымцы. Мы былі вельмі здзіўленыя і адначасова задаволенныя. Выйшлі з Жалудка з добрым настроем і прыемнымі ўспамінамі.

vika czaczotka 1

Пазней нас чакаў смачны абед і дэсерт у выглядзе пірожных, зробленых з любоўю нашымі кухаркамі. Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся.

Як толькі выйшлі ў далейшую дарогу, заўважылі наперадзе добра знаёмы твар. Нас вырашыў адведаць ксёндз біскуп Юзаф Станеўскі. Ён перадаў прывітанне ад ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча. Атрымаўшы біскупскае благаслаўленне, мы з усмешкай на тварах пайшлі далей.

vika czaczotka 8

Заканчэннем дня стала адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту – час, калі кожны мог застацца сам-насам з Езусам, даверыць Яму ўсе свае цяжкасці і радасці.

Вікторыя Чачотка