14-15 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі, дзе служаць кармэліты босыя, адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Сёлета яны праходзілі пад дэвізам “Праз Марыю да Езуса”.
Падчас урачыстасцяў у санктуарый былі ўнесены рэліквіі св. Яна Паўла ІІ.
Традыцыйна ў першы дзень урачыстасцяў, 14 ліпеня, вечарам цэлебравалася святая Імша на заканчэнне шкаплернай Навэнны. Прыміцыйную Эўхарыстыю ўзначаліў кс. Андрэй Бурак, новы святар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гамілію прамовіў а. Юрый Кулай OCD.
На заканчэнне літургіі вернікі гудагайскай парафіі павіншавалі новапрэзбітэра, а таксама святароў, якія сёлета адзначаюць свае юбілеі. Сярод іх былі а. Пётр Фраштэнга OCD, які адзначае 25-годдзе манаскіх абяцанняў, і а. Аркадзь Куляха OCD, які сваё служэнне 25 гадоў таму распачаў менавіта ў Гудагаі. Для апошняга група вернікаў з дзецьмі падрыхтавала прадстаўленне.
Гудагайскі фэст не можа абысціся без Крыжовага шляху. У гэтым годзе разважанні і спевы на гудагайскай Кальварыі працягласцю 3,5 км падрыхтавала моладзь мясцовай парафіі пры актыўным удзеле моладзі з Ліды. Малітву разважання над Мукай Пана ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Бачачы колькасць удзельнікаў набажэнства, можна было пераканацца, што яны не пабаяліся ні дажджу, ні мокрай зямлі пад нагамі.
Унясенне рэліквій св. Яна Паўла ІІ
Ноччу невялікі гудагайскі касцёл не мог змясціць усіх, хто прыбыў на малітву. Пасля Нешпараў пачалася працэсія да палявога алтара, дзе святую Імшу ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх заклікаў сабраных даверыцца Найсвяцейшай Панне Марыі, а ў сувязі з Годам моладзі, які перажывае зараз Касцёл, заахвоціў маладых людзей даваць сведчанне пра Бога. Пасля Эўхарыстыі пачалося начное чуванне перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
На світанку былі праспяваны Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, а затым адбылася Імша, якую ўзначаліў а. Юрый Находка OCD.
Вянцом сёлетніх урачыстасцяў была Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцыё у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, які прыбыў у санктуарый з рэліквіямі св. Яна Паўла ІІ. Пасля таго, як яго прывіталі прадстаўнікі вернікаў, рэліквіі былі ўнесены ў санктуарый і ўрачыста ўстаноўлены, а адзін са святароў прачытаў спецыяльную малітву.
У галоўнай Імшы прынялі ўдзел біскуп Юрый Касабуцкі, сакратар нунцыятуры кс. прэлат Марынко Антолавіч, святары з розных месцаў Беларусі, сёстры законныя. Быў нават госць з Калумбіі, які суправаджаў Нунцыя. Літургічнае аздабленне падрыхтавалі навучэнцы семінарыі ў Пінску, мясцовыя міністранты, хор з Мінска.
У гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што роўна 15 гадоў таму святы Папа Ян Павел ІІ асвяціў кароны для Гудагайскай Божай Маці, a цяпер яго рэліквіі будуць знаходзіцца ў санктуарыі побач з цудатворным абразом.
Слухаць і дзяліцца
Па словах іерарха, Бог заклікае ўсіх людзей да святасці, кожнага ў адпаведнасці з пакліканнем, з уласным станам жыцця. „Мы таксама ведаем пра цяжкасці, якія ўзнікаюць пры дасягненні гэтай мэты, асабліва сёння, у свеце паўсюднага індывідуалізму, геданізму, якія імкнуцца аддаліць нас ад “духоўных рэчаў”, што вядуць да Бога”, – працягваў арцыбіскуп.
Aпостальскі Нунцый падкрэсліў, што “стаць святымі не проста: гэта як узыходжанне на гару, вяршыня якой – Хрыстус”. Тут неабходныя “стараннасць, прысвячэнне, жаданне і асабліва – адкрытае сэрца, якое нястомна трывае ў слуханні Божага слова, што, падобна да ліхтара, асвятляе нашыя крокі”.
Іерарх дадаў, што ў гэтым падарожжы да дасканалага жыцця неабходна часта звяртацца да Марыі, ушаноўваючы Яе тытулам Маці Божай з гары Кармэль, і прасіць Яе весці нас за руку да Пана. “Трэба помніць пра сведчанне Кармэля і прыклад сузірання кармэлітаў, які можа быць выкарыстаны ў кожным пакліканні ці стане жыцця, пачынаючы ад асабістай малітвы і Lectio Divina”, – сказаў прадстаўнік Папы.
Арцыбіскуп заклікаў удзельнікаў адпустовай урачыстасці вынесці з яе два словы – „слухаць” і „дзяліцца”. „Слухаць Бога і слухаць бліжняга. Дзяліцца, несучы ў дар Богу нашыя сэрцы, малітвы, планы, давер, а нашым бліжнім – таленты, час, дапамогу, параду, як гэтаму вучыць нас наша Мама Марыя”, – адзначыў Апостальскі Нунцый.
Хоць ішоў доджд, гэта не перашкодзіла супольнай малітве, а на тварах прысутных, незалежна ад узросту, была маладая радасць.
Падчас усёй урачыстасці можна было таксама даведацца, што такое кармэліцкі шкаплер, і прыняць яго.
Як заўсёды, застаецца смутак, што такое прыгожае святкаванне падышло да канца.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII, a. Андрэй Жылевіч OCD