Skip to main content

Рэха пілігрымкі Ваўкавыск – Тракелі: пераадолець усе спакусы

wolkowysk1На днях у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях адбыліся штогадовыя ўрачыстасці. Тым часам некаторыя яшчэ адчуваюць смак пілігрымкі, якая, здаецца, фінішавала толькі ўчора. Гаворка ідзе і пра паломнікаў, якія крочылі з Ваўкавыска.

Сёлета пілігрымка Ваўкавыск – Тракелі сабрала каля 60-ці чалавек ва ўзросце 8–67 гадоў.

Ганна Пянкоўская адзначае, што пілігрымка для яе – нагода ўдыхнуць больш паветра, якое так патрэбна для штодзённага функцыянавання. У гэтай пілігрымцы яна ўзяла ўдзел разам са сваім малодшым васьмігадовым сынам. Па словах Ганны, у 23-гадовай гісторыі сваіх пілігрымак яна прапусціла толькі першую, а таксама ў яе быў перапынак на 7 гадоў з-за дэкрэту.

wolkowysk2Паломніцтва ў гэтым годзе ўзначаліў кс. Юрый Садоўскі, вікарый парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. Пілігрымы ішлі 5 дзён. Працягласць шляху склала 140 км.

wolkowysk5Кожны дзень распачынаўся святой Імшой. Штодзень былі канферэнцыі, на якія прыязджалі запрошаныя святары, семінарысты і свецкія вернікі. Удзельніца пілігрымкі Аліна Пяценка адзначае, што хацелася б вылучыць канферэнцыю семінарыста Яўгена Амасёнка, які казаў аб пакліканні і ролі Панны Марыі ў абранні жыццёвага шляху.

Таксама падчас пілігрымкі з канферэнцыяй выступіў Юрый Гапонік, адказны ў Гродзенскай дыяцэзіі за душпастырства цвярозасці. Ён распавёў моладзі аб праблеме рознага роду залежнасцяў. Аб ролі малітвы ў жыцці кожнага чалавека нагадаў даступным спосабам кс. Юрый Барташэвіч.

wolkowysk3Сёлетняя пілігрымка не належала да лёгкіх, як адзначаюць самі ўдзельнікі, бо ў першыя яе дні надвор’е было не вельмі добрым: ішоў дождж, і некаторыя пачалі сумнявацца, а некаторыя і вяртацца дадому.

“Было шмат спакусаў у пачатку шляху, таму што надвор’е з першага дня шаптала: “Лепш вярнуцца, чым захварэць пасля таго, як увесь змок””, – кажа Аліна Пяценка. Аднак найбольш трывалыя цвёрда трымаліся абранага маршруту ў напрамку да Марыі, Маці нашых сем’яў.

wolkowysk6Падчас шляху арганізоўваліся рэкрэацыйныя танцы, накіраваныя на яшчэ большае з’яднанне групы пілігрымаў.

wolkowysk4Пяць дзён шляху да Тракеляў сталі тымі рэкалекцыямі ў дарозе, якія дапамаглі ў чарговы раз убачыць, што Марыя заўсёды побач і што менавіта Яна стаіць поплеч і дапамагае прыняць правільнае рашэнне.

Kс. Юрый Марціновіч