6 ліпеня, у апошні дзень XX юбілейнай пешай пілігрымкі Гродна-Тракелі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў паломнікаў. У капліцы св. Яна Хрысціцеля ў Пагародне іерарх узначаліў святую Імшу.
Падчас Эўхарыстыі біскуп маліўся асаблівым чынам за ўсіх пілігрымаў, якія ў гэтыя дні скіроўваюцца з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі да Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелі.
На малітве сабраліся паломнікі, а таксама вернікі з Пагародна і ваколіц, якія перад гэтым прынялі іх на начлег i падзяліліся з імі тым, што маюць, і сваёй верай.
У гаміліі кс. канонік Валерый Быкоўскі падкрэсліў, што для таго, каб ісці за Езусам, патрэбна найперш любоў да Бога і бліжняга. Святар заклікаў, каб кожны ўдзельнік пілігрымкі пасля яе заканчэння вярнуўся да штодзённых спраў з сэрцам, напоўненым любоўю, каб адорваць ёю іншых.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў пілігрымам за сведчанне веры, якое яны даюць іншым праз свой удзел у гэтым падарожжы.
Іерарх заклікаў маладых людзей быць сапраўднымі сведкамі Хрыста ў месцах сваёй працы і вучобы, каб іншыя людзі, бачачы іх прыклад жыцця, хацелі змяняць свае словы і ўчынкі. Біскуп падзякаваў усім арганізатарам пешай пілігрымкі на чале з кс. канонікам Паўлам Салабудам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая