Skip to main content

V Еўрапейская канферэнцыя ў Жэшаве

З 24 да 25 сакавіка ў Жэшаве (Польшча) адбылася V Еўрапейская канферэнцыя з цыкла “Польская сям’я па-за межамі краю”. Яе лейтматывам былі словы Слугі Божага Яна Паўла II: “Будучыня чалавецтва ідзе праз сям’ю”.
У жэшаўскім універсітэце прадстаўнікі еўрапейскіх паланійных цэнтраў, памятаючы пра словы Яна Паўла II, на працягу двух дзён разважалі над тым, як выратаваць сям’ю і будучыню. Прадстаўнікамі гродзенскай дыяцэзіі на гэтай сустрэчы былі супрацоўнікі каталіцкай сямейнай кансультацыі на чале з кс. Паўлам Салабудам.
Канферэнцыя распачалася Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў ардынарый дыяцэзіі кс. бп Казімір Гурны, кіраўнік Рады па справах сям’і Канферэнцыі Епіскапату Польшчы. А потым распачаліся навуковыя сесіі на наступныя тэмы: палітычна-юрыдычная праблематыка сужэнскага і сямейнага жыцця; уплыў сродкаў масавай інфармацыі на сужэнства і сям’ю; сучасныя праблемы сямей, а асабліва – праблема эміграцыі, роля Касцёла ў службе сужэнству і сям’і, клопат пра шматспецыялістычную сямейную кансультацыю. Падчас канферэнцыі выступілі такія знакамітыя спецыялісты па справах сям’і, як: Эмануэль Цубы (публіцыстка з Германіі), канд.навук Мечыслаў Гузевіч, канд.навук Яцэк Пулікоўскі, абп Мечыслаў Макшыцкі, кс. Марэк Ганцарчык, канд.навук Гражына Кашалка.
Кс. Павел Салабуда заўважыў: “Для нас гэта нязвыклае ўзбагачэнне нашай працы ў сямейнай кансультацыі. Абмен досведам і знаёмства з працай еўрапейскіх душпастырств сямей і сужэнстваў дапаможа нам яшчэ больш прысвяціць сябе справе сямейнага жыцця. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час у Гродна прыедзе некалькі знакамітых спецыялістаў, каб таксама ў душпастырстве сямей у Беларусі пакінуць сваю працу і намаганні”.