Сёмы дзень пачаўся снеданнем у любанскай школе. Дзякуем мясцовым вернікам за прыняцце на начлег, смачныя сырнікі і іх адкрытыя сэрцы! Памятаем аб іх у малітве і абяцаем прыйсці ў наступным годзе ў большай колькасці!
Падчас святой Імшы ў капліцы Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла ў Куранцы кс. Ян Раманоўскі задаў пытанне, на якое мы павінны знайсці для сябе адказ: “Кім для мяне з'яўляецца Хрыстус?” А на канферэнцыі мы атрымалі заданне прааналізаваць нашыя адносіны з Богам: наколькі Божае слова прысутнае ў маім жыцці.
А 8-й раніцы з блакітнага бязвоблачнага неба паліла сонейка, і я ўжо зразумела, што сённяшні дзень будзе нашмат цяжэйшы, чым мінулы. Па дарозе семінарысты вырашылі дапамагчы змагацца з гарачынёй і пачалі ўсіх абліваць. Гэта сапраўды палегчыла наш шлях. Пад вечар надвор'е трошкі палепшылася: у нашыя згарэлыя твары дзьмуў прахладны ветрык, а сонца хавалася за аблокамі.
Шмат людзей, якіх мы спатыкалі на нашым шляху, частавалі нас ягадамі, прапаноўвалі сваю дапамогу, пыталіся, куды і адкуль мы ідзём, благаслаўлялі на далейшую дарогу, а некаторыя абяцалі прыехаць у Будслаў. Захапляюся іх адкрытасцю сэрцаў. Спадзяюся, што калі-небудзь мая мара споўніцца і я прыму такіх жа пілігрымаў, як і я.
Пад канец сёмага дня стамілася гітара, таму ў Касцяневічы мы зайшлі гэтак жа, як і ўчора ў Любань. Тут нас чакалі лазні і вячэра ля касцёла. Нашыя “мамы” зрабілі сюрпрыз: прыгатавалі нам торт з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла.
А яшчэ мы сустрэлі першую пілігрымку на нашым шляху – Маладзечна – Будслаў. Калі віталі адзін аднаго, пыталіся пра шлях і стан здароўя, адчуваўся сапраўдны дух еднасці пілігрымаў. І гэта падбадзёрыла, дало сілы ісці далей і дапамагло забыцца пра ўсё цяжкасці дарогі.
Увечары нас чакала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Чытаючы разам з семінарыстам разважанні, я спынілася над пытаннямі маёй веры. Ці ведаю я Таго, у Каго веру? Ці разумею я, дзеля чаго раблю тое ці іншае? Ці гатовая я даваць сведчанне маёй веры? Адкрыўшыся на Святога Духа, я плённа перажыла час з Панам. І ўжо гатовая класціся спаць. Дарэчы, начлег у нас сёння ў касцёле. А каля Хрыста і сон салодкі.
Да канца пілігрымкі засталося два дні. Час, каб зразумець, які плёны мне прынеслі гэтыя рэкалекцыі ў дарозе. Час, каб прабачыць тым, на каго трымаю нейкую крыўду. Час, каб палепшыць свае адносіны з Хрыстом.
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк, Данііл Станілка