З 17 па 23 чэрвеня ў Навагрудку пры парафіі Св. Міхала Арханёла прайшлі ігнацыянскія рэкалекцыі, у якіх прынялі ўдзел шматлікія вернікі і духоўныя асобы. Традыцыйна правядзенне гэтых рэкалекцый узначаліў а. Юзаф Аўгустын SJ, знакаміты польскі рэкалекцыяніст, духоўны настаўнік, аўтар кніг і артыкулаў на хрысціянскую тэматыку, многія з якіх перакладзены на рускую мову.
Рэкалекцыі праводзіліся на аснове “Духоўных практыкаванняў” св. Ігнацыя Лаёлы.
Сёння многія людзі, нават у хрысціянскім свеце, у пошуках больш глыбокіх натхненняў у рэлігійным жыцці, звяртаюцца да медытацый Далёкага Усходу. Спроба рэалізацыі сваіх духоўных запатрабаванняў пры дапамозе далёкіх нашаму менталітэту “ўсходніх методык”, часта заканчваецца яшчэ больш глыбокім эмацыянальным разладам і духоўнай разгубленасцю.
Хрысціянства ж прапаноўвае чалавеку свой глыбокі духоўны вопыт не столькі праз “паглыбленне ў сябе”, колькі праз “выхад па-за межы сябе” і ўсталяванне асабістай сувязі з Богам. Чалавек пазнае сябе і сваё жыццё праз з’яднанне з Богам. Менавіта адкрыццё бескарыслівай любові Бога да чалавека становіцца для яго крыніцай сапраўднага пазнання сябе і адначасова адказвае на самыя глыбокія запатрабаванні чалавека і на яго духоўныя пошукі. Вялікую дапамогу ў гэтым аказваюць “Духоўныя практыкаванні” св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Ордэна езуітаў.
Гэтыя практыкаванні напісаны больш за чатыры стагоддзі таму назад, але і сёння не страцілі сваёй актуальнасці, аб чым гавораць шматлікія ігнацыянскія рэкалекцыі, якія праводзяцца езуітамі ў многіх каталіцкіх краінах хрысціянскага свету.
Духоўныя практыкаванні праходзяць на працягу сямі-васьмі дзён пры поўным маўчанні з магчымасцю індывідуальнай размовы з духоўным кіраўніком. Практыкаванні падзелены на фундамент і чатыры часткі, якія Ігнацый Лаёла назваў “тыднямі”. Яны праводзяцца з інтэрвалам у адзін год і вядуць чалавека праз розныя этапы духоўнага жыцця: ачышчэнне, асвячэнне і з’яднанне з Богам. Праграма кожнага “ігнацыянскага тыдня” штодзённа ўключае двое ўводзінаў у малітву, канферэнцыю, чатыры медытацыі-разважанні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, Эўхарыстыю, рахунак сумлення і рэфлексіі-разважанні пасля медытацый.
Духоўны кіраўнік падчас штодзённых сустрэч дапамагае ўдзельнікам рэкалекцый пазнаць сябе, распазнаць Божую волю і зразумець асабісты шлях, якім кожнага вядзе Пан Бог.
Напрыканцы ўдзельнікі атрымалі рэкамендацыі на перыяд самастойнай падрыхтоўкі да наступнага этапу з асаблівай увагай да штодзённай больш працяглай малітвы з рахункам сумлення. На рэкалекцыях тлумачылі сутнасць малітвы, гаварылі аб метадзе ігнацыянскай малітвы і аб тым, як чалавеку рэфармаваць сваю малітву і збудаваць нанова.
Па словах а. Юзафа Аўгустына, ““Духоўныя практыкаванні” – гэта школа малітвы, асабліва медытацыйнай і кантэмпляцыйнай, нагода вучыцца мастацтву распазнавання неабходных правільных рашэнняў і іх рэалізацыі”.
Удзельнікі рэкалекцый пасля іх заканчэння наведалі навагрудскі Фарны касцёл ХІV-XVIII стст., якім апякуюцца манахіні Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі).
Арганізатары спадзяюцца, што “Духоўныя практыкаванні” прынясуць свой плён для ўдзельнікаў рэкалекцый і стануць эфектыўным сродкам у барацьбе са злом і спакусамі ў іх жыцці, а таксама дапамогуць узрастаць у любові да Бога і бліжняга.
Людміла Удавенка