9 чэрвеня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстай святой Імшой завяршыўся навучальны год у студэнтаў катэхетычных курсаў пры аддзеле навучання Гродзенскай курыі.
Сем выпускнікоў атрымалі дыпломы і біскупскае благаслаўленне.
Iсці і абвяшчаць
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся асабліва за ўсіх, хто вучыцца на курсах, і за іх сем’і.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, звярнуў увагу, што словы Хрыста “Ідзіце і абвяшчайце”, скіраваныя да апосталаў, адносяцца да кожнага чалавека, асаблівым чынам да катэхетаў.
Як адзначыў святар, “Хрыстус Пан кожны дзень кліча нас, каб мы ішлі за Ім адважна і верна; Ён адарыў нас вялікім дарам, абраўшы сваімі вучнямі”. Ксёндз Юрый Марціновіч падкрэсліў, што Езус пасылае ўсіх, каб з радасцю абвяшчалі Яго як Уваскрослага.
“У нас ёсць свая роля, якую мы адыгрываем, але роля Бога нашмат большая – і нашмат важнейшая. Бо калі адчуваеш, што страціў ахвоту, прыгадай сабе, што ў евангелізацыі важнае перш за ўсё не тваё дзеянне, а дзеянне Езуса”, – дадаў святар.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў тым, хто скончыў чатырохгадовую вучобу на курсах, каб здабытыя веды яны здолелі ўмела перадаваць усім тым, каго Божы Провід паставіць на шляху іх жыцця.
“Дзяліцеся здабытымі ведамі, а што яшчэ важней – давайце найперш відавочнае сведчанне сваім словам і ўчынкам”, – сказаў іерарх, падкрэсліўшы, што сучаснаму свету патрэбны верныя сведкі веры.
Пасля пастырскага благаслаўлення выпускнікі падзякавалі ўсім, хто вёў іх шляхам да спазнання Праўды. Яны падзякавалі таксама а. Андрэю Шчупалу CSsR, які клапоціцца аб належным узроўні катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Здабыць веды і ўмацаваць веру
Як адзначаюць самі выпускнікі, той час, які яны прысвяцілі вучобе на гэтых курсах, стаў для іх ласкай Пана Бога, а таксама магчымасцю глыбей пазнаць праўды веры.
Сёлетняя выпускніца Людміла Удавенка з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі), якая скончыла дзве ВНУ – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, – прызнаецца, што на катэхетычных курсах усё было для яе адкрыццём.
“За чатыры гады ў мяне цалкам змяніўся светапогляд ад звычайнага свецкага разумення жыцця да хрысціянскага. Мне было цалкам незразумела спачатку, што ўкрыжаванне Хрыста – гэта Яго ахвяра, бо рымляне ж у той час укрыжоўвалі людзей тысячамі. Мне было цяжка зразумець, што такое звышпрыроднае жыццё, што гэта цалкам іншая рэальнасць. Я лічыла, што нідзе там, у Сусвеце, няма месца для душы чалавека”, – кажа Людміла.
Жанчына адзначае, што менавіта на катэхетычных курсах яна “зразумела, што сапраўдная любоў – гэта нешта зусім іншае, чым тое, што мы бачым у свеце, і тое, як яе падаюць свецкія СМІ”.
Дзмітрый Вайцяхоўскі з гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец), таксама сёлетні выпускнік, кажа, што за гэты час паглыбіў не толькі свае веды, але перш за ўсё і веру. “Дзякуючы гэтым курсам я атрымаў сістэматычнае навучанне Касцёла, якое фарміруе маю сістэму каштоўнасцяў і дапамагае мне больш усвядомлена глядзець на гэты свет”, – дадае ён.
Па словах мужчыны, узровень катэхізацыі, які людзі выносяць з бацькоўскага дому, не заўсёды можа быць высокім. “Не заўсёды ў сям’і перадаюцца вялікія веды і вопыт, таму гэтыя чатыры гады далі мне шмат у плане жыццёвых каштоўнасцяў і ведаў, якімі зараз можна дзяліцца з іншымі”, – адзначае Дзмітрый, падкрэсліваючы, што цяпер зможа больш усвядомлена распавядаць пра Бога іншым і дапамагаць ім.
Сёлетнія выпускнікі катэхетычных курсаў пры аддзеле навучання Гродзенскай курыі бачаць сваё заданне ў тым, каб быць апосталамі Езуса Хрыста, несці людзям Слова Божае і заахвочваць іх да шанавання хрысціянскіх каштоўнасцяў. Яны перакананы, што да гэтай адказнай місіі былі адпаведна падрыхтаваны дзякуючы дасведчаным выкладчыкам і былі пасланы Касцёлам.
JM
Фота: Вікторыя Сідар