9 чэрвеня сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча прыняў дыякан Андрэй Каўшук, навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Урачыстасць адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Святая Імша, падчас якой было ўдзелена прэзбітэрскае пасвячэнне, сабрала вялікую колькасць вернікаў. У ёй узялі ўдзел выкладчыкі і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з рэктарам кс. д-рам Раманам Рачко, святары з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
Кандыдата да пасвячэння прадставіў рэктар семінарыі. Пасля складання кандыдатам абяцання паслухмянасці прысутныя ў катэдры праспявалі Літанію да Усіх Святых, у час якой дыякан ляжаў крыжам на падлозе.
Пасля настаў самы важны момант пасвячэння – біскуп Аляксандр Кашкевіч, а затым усе святары ўсклалі рукі на галаву дыякана, і іерарх прамовіў малітву кансэкрацыі, якая з’яўляецца просьбай да Бога аб удзяленні яму дароў Духа Святога, патрэбных для спаўнення будучага служэння.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць адбываецца ў асаблівы час, калі вернікі ўшаноўваюць Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса.
“Гэтае Сэрца заклікае нашы сэрцы і запрашае нас любіць адзін аднаго, ахвяраваць Яму наша “я” і знаходзіць у Ім паўнату любові”, – сказаў біскуп.
Па словах іерарха, “новы святар пасылаецца, каб паказваць свету праўдзівыя каштоўнасці, каб у моцы Духа нагадваць, што вернасць Божай волі, Касцёлу і святарскім абяцанням утварае прыгажосць гэтага служэння, якое асвячае нас саміх і набліжае людзям вобраз Бога”.
Звяртаючыся да новапрэзбітэра, біскуп заклікаў яго старацца быць пастырам па падабенству Хрыста, Добрага Пастыра, які аддаў жыццё за сваіх авечак.
“Будзь заўсёды даступны ўсім, без дамагання якіхсьці правоў; аддайся з радасцю служэнню душаў. Праз штодзённы акт прысвячэння Сэрцу Езуса ахвяруй Хрысту ўсё, што маеш, аддай Яму ў карыстанне ўсяго сябе з целам і душой”, – сказаў іерарх.
Біскуп падзякаваў усяму колу выкладчыкаў і выхаваўцаў за трывалае, кампетэнтнае і ахвярнае служэнне Касцёлу на Гродзеншчыне праз рэалізацыю такой важнай і адказнай справы, якой з’яўляецца фармацыя будучых святароў.
Іерарх падзякаваў таксама пробашчу роднай парафіі новапрэзбітэра і ўсяму духавенству, якое спадарожнічала яму на шляху да святарства, выказаў словы глыбокай i шчырай удзячнасцi яго бацькам і блізкім за прыклад хрысцiянскага жыцця.
У сваю чаргу сам новапрэзбітэр Андрэй Каўшук падзякаваў усім за тое, што захацелі раздзяліць з ім радасць гэтага гістарычнага дня і за спадарожнічанне на шляху да Хрыстовага алтара. Малады святар прасіў аб тым, каб ніколі не стамляліся ў гэтай малітве за яго і за новыя пакліканні да служэння ў Касцёле.
Kсёндз Aндрэй Каўшук нарадзіўся 16 лютага 1986 г., паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы і св. Францішка Асізскага ў Свіслачы.
Kс. Юрый Марціновіч