Skip to main content

Нацыянальная сустрэча Францішканскага ордэна свецкіх прайшла ў Тракелях

trakeli fr 42-3 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях адбылася агульнанацыянальная сустрэча членаў Францішканскага ордэна свецкіх.

На сустрэчу прыбыло больш за 70 чалавек – духоўных сыноў і дачок святога Францішка з розных бакоў Беларусі, найбольш іх прысутнічала з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Па традыцыі члены Францішканскага ордэна свецкіх правялі ўсяночную адарацыю перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у інтэнцыі новых пакліканняў у сваю супольнасць, новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і сем’яў нашай краіны.

У межах сустрэчы некаторыя асобы пасля адпаведнай фармацыі склалі на рукі настаяцельніцы Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі сястры Марыі Этоль вечныя i часовыя абяцанні. Таксама былі прыняты ў навіцыят і пастулат новыя члены.

Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў у тракельскім санктуарыі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх у сваім слове адзначыў, што тыя, хто належыць да свецкай францішканскай сям’і, з’яўляюцца багаццем для сваіх дыяцэзій і для ўсяго Паўсюднага Касцёла.

trakeli fr 10

Біскуп падзякаваў членам гэтай супольнасці за тое, што атачаюць сваёй малітвай Касцёл у Беларусі, і заклікаў іх далей трываць у гэтай добрай справе.

Даведка: Пачатак Францішканскага ордэна свецкіх вядзецца з 1221 года, калі св. Францішак, выходзячы насустрач патрэбам Касцёла і свецкіх людзей, якія жывуць у сем’ях, прапанаваў ім новую форму жыцця ідэаламі Евангелля, называючы іх Братамі і Сёстрамі ад Пакаяння.

Рэгулай жыцця свецкіх францішканаў з’яўляецца захаванне Евангелля Езуса Хрыста праз наследаванне св. Францішка з Асізі, для якога Хрыстус быў натхненнем і цэнтрам жыцця ў адносінах да Бога і людзей. Натхнёныя св. Францішкам і з ім пакліканыя да аднаўлення Касцёла, свецкія францішкане стараюцца імкнуцца да дасканаласці праз:

  • выхаванне на ўзор Пана Езуса свайго спосабу мыслення праз поўную і дасканалую ўнутраную перамену, якую Евангелле называе “навяртаннем”,
  • ачышчэнне сэрца ад злых схільнасцяў, прагі валодання і панавання,
  • будаванне братэрскай супольнасці і евангельскага свету ў кожнай сітуацыі,
  • барацьбу са спакусамі, пашыраючы ў асяроддзі на працы і дома паняцце паўсюднага дабра і братэрства,
  • нясенне людзям радасці і надзеі ў кожны час і ў кожным месцы,
  • гарачую малітву: індывідуальную і супольную,
  • чыненне міласэрнасці, такой, як бескарыслівыя ўчынкі для бедных і патрабуючых.

Кс. Юрый Марціновіч