27 мая ў гродзенскай парафіі на Вішняўцы адбылася прыміцыйная св. Імша новапрэзбітэра Аляксея Венцкевіча, які 12 мая ў касцёле Вышэйшай місіянерскай семінарыі ксяндзоў сэрцанаў у Стадніках (Польшча) атрымаў святарскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Марэка Ендрашэўскага, Мітрапаліта Кракаўскага.
У гэты ўрачысты дзень у святыні сабраліся ўсе, хто імнкуўся падтрымаць кс. Аляксея ў хвалюючы дзень распачацця служэння на ніве Пана. Акрамя родных і сяброў новапрэзбітэра прыбылі святары з Гродзенскай дыяцэзіі і з па-за яе межаў.
Гамілію падчас св. Імшы прачытаў кс. Павел Эйсмант, які таксама паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці. Ксёндз наблізіў прысутным сутнасць святарскай паслугі і пажадаў кс. Аляксею з радасцю выконваць усе належныя яму абавязкі. “Няхай кожны ўдзелены сакрамэнт, кожны візіт да хворага і кожнае абвешчанае Слова яшчэ больш натхняюць на адданае служэнне", - дадаў кс. Павел.
На заканчэнне літургіі словы віншавання скіравалі прадстаўнікі парафіі, сябры і сям'я новапрэзбітэра. Пасля кс. Аляксей удзяліў кожнаму прысутнаму верніку прыміцыйнае бласлаўленне.
Даведка:
Супольнасць ксяндзоў сэрцанаў была заснавана з мэтай паказваць свету таямніцу любові Езуса да Айца і да людзей. Гэтая супольнасць павінна асаблівым чынам наследаваць св. апостала Яна, які спачываў на грудзях Хрыста падчас Апошняй Вячэры і застаўся верным Настаўніку ў час Яго смерці.
Заснавальнік супольнасці, французскі святар Леон Ян Дэхон, сярод матываў, якія схілілі яго ў 1878 г. паклікаць яе да жыцця, на першае месца ставіў жаданне, выражанае Панам, каб знайшліся душы, прысвечаныя любові да Яго і ўзнагароджанню Яго Сэрцу за грахі людзей, Касцёла і грамадстваў.
Па гэтай прычыне сэрцане ўсё жыццё праводзяць у духу любові і ўзнагароджання. Хоць яны не былі пакліканы да акрэсленай знешняй справы, але маюць пэўны апостальскі накірунак: штодзённая эўхарыстычная адарацыя, служэнне найбольш патрабуючым, дапамога працаўнікам і працадаўцам, фармацыйнае служэнне асобам, прысвечаным Богу, а таксама выезд на замежныя місіі.
У Гродзенскай дыяцэзіі ксяндзы сэрцане служаць ужо шмат гадоў у Гродне (парафія Божай Міласэрнасці) і Астрыне (Шчучынскі дэканат).
Кс. Юрый Марціновіч