20 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) сабралася шмат мясцовых парафіян і пілігрымаў з іншых месцаў.
Шмат гадоў у гэты дзень туды прыбывае вялікая колькасць вернікаў, каб маліцца ў святыні, знакамітай дзякуючы цудатворнай фігуры Пана Езуса. Гэты год – юбілейны, калі адзначаецца 400-годдзе першай гістарычнай узгадкі аб фігуры Езуса, якая змешчана ў галоўным алтары святыні.
Адпустовыя ўрачыстасці ў Росі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Таксама ў гэты дзень іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі мясцовым вернікам і здзейсніў кананічную візітацыю парафіі.
Біскуп цэлебраваў у касцёле святую Імшу, падчас якой маліўся асаблівым чынам за маладых людзей, прымаючых сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
У сваім слове іерарх падкрэсліў, што ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога Касцёл святкуе сваё нараджэнне, бо ў гэты дзень апосталы былі “ўзброены моцай з вышыняў”, а Дух Святы робіць з адкупленых Хрыстом адзін арганізм – супольнасць.
Гродзенскі ардынарый заклікаў, каб усе вернікі, якія ўтвараюць гэты Касцёл, стараліся ўносіць свой уклад у яго развіццё і ўдзельнічаць у яго жыцці.
Тым, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, іерарх пажадаў, каб на ўзор апосталаў яны былі сведкамі Уваскрослага Пана і з вялікай адвагай і моцнай верай ішлі па свеце.
Kусташ санктуарыя і пробашч парафіі кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч падзякаваў біскупу за дар супольнай малітвы і ўдзяленне сакрамэнту вернікам.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні. Пасля ўдзельнікі літургіі маглі пачаставацца спецыяльна прыгатаваным у гэты дзень супам ад капуцына брата Войтэка.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Жанна Вераціла