Skip to main content

Сустрэча ў памяць Казіміра Сваяка – кс. Канстанціна Стаповіча – прайшла ў Клюшчанах

kluszczany swajaka 313 мая ў клюшчанскай парафіі адбылася імпрэза, прысвечаная 92-й гадавіне смерці кс. Канстанціна Стаповіча.

Сёлетняя сустрэча была адметная тым, што ўпершыню праходзіла не так, як заўсёды, не ў прыгожым светлым касцёле, дзе сцены яшчэ памяталі голас святара-паэта, захавалі і  галасы дзядоў-прадзедаў і нядаўна адышоўшых у вечнасць родных, суседзяў, парафіянаў.  Сустрэча праходзіла не ў касцёле, бо касцёла, на вялікі жаль, ужо няма… Менш за месяц засталося да гадавіны непапраўнай трагедыі – пажару. Таму імпрэза пачалася з таго, што, як самаму блізкаму і роднаму чалавеку, прысутныя аддалі даніну памяці, хвалы і пашаны клюшчанскаму касцёлу.

Напачатку вядучая імпрэзы прачытала верш “Клюшчаны”, напісаны былой парафіянкай, якая зараз жыве ў г. Лентварыс (Літва) да пасвячэння адноўленай святыні ў 1989 годзе.

kluszczany swajaka 4

Рыжанін  Фелікс Станевіч, таксама былы парафіянін, пачуўшы пра гэтую балючую страту, выразіў свае пачуцці ў песні-баладзе “Нашых душ фундаменты”. Прыехаць на імпрэзу ён не змог, але перадаў усім удзельнікам і ўсёй клюшчанскай зямлі нізкі паклон і спецыяльна пераклаў песню, якая была напісана на латышскай мове, на рускую. Людзі праслухалі абодва варыянты, стаіўшы дыханне.

Затым прысутныя праглядзелі ролік “Гісторыя клюшчанскага касцёла ў фотаздымках”,  успомнілі, якім быў касцёл, узгадалі святароў, якія тут служылі, якія прыгожыя і радасныя адбываліся фэсты… Паказ суправаджаўся эцюдамі таго ж Фелікса Станевіча і вядомым паланэзам Агінскага “Развітанне з радзімай”.  Многія не змаглі стрымаць слёз.

Клюшчанскі касцёл вядомы і тым, што прыцягваў яркіх, таленавітых, выбітных асобаў, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе  межамі. Гэта не толькі кс. Канстанцін Стаповіч, але і кс. Ян Галіч-Сулінскі, кс. Юзаф Бародзіч, кс. Адам Вайцяхоўскі.

Другая частка свята была прысвечана святару Канстанціну Стаповічу, які з’яўляўся і паэтам, і драматургам, і філосафам, і грамадскім дзеячам пад псеўданімам Казімір Сваяк і які ўсім сэрцам любіў клюшчанскі касцёл, сваіх людзей, родную мову і сваю Бацькаўшчыну.

Уступаючы на шлях святарства, стараючыся заўсёды “быць чыстай і простай мысьлі”,  кс. Стаповіч і не падазраваў, колькі церняў і пакут чакае яго наперадзе. Але і не мог здагадвацца, якой удзячнасцю і пашанай будзе акружаны ў сваёй роднай парафіі. Маліцца разам за душу спачылага святара прыехалі ў гэты дзень госці з Мінска, Віцебшчыны і Астравеччыны.

Першым меў слова пісьменнік Павел Севярынец, які пісаў манаграфію пра Казіміра Сваяка. У сваім эмацыянальным і насычаным гістарычнымі фактамі выступленні ён распавёў пра пакутніцкія лёсы многіх святароў-адражэнцаў і прадставіў свае кнігі, якія пасля людзі мелі магчымасць набыць.

Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп спецыяльна да імпрэзы напісаў журботны верш “Балада Казіміра Сваяка”.

Свой верш “Роздум” прачытала і Генавэфа Дубіловіч, настаўніца, якая прыехала з дэлегацыяй ад камайскай парафіі. Узначальваў дэлегацыю пробашч парафіі кс. Яцэк Хутман, які і з’яўляецца ініцыятарам гэтых імпрэзаў, што ўжо сталі традыцыйнымі і маюць неафіцыйную назву “сваякоўскіх сустрэч”. Камайская і клюшчанская парафіі з лёгкай рукі Генавэфы Дубіловіч называюцца парафіямі-пабрацімамі.

kluszczany swajaka 7

Сталічны кінарэжысёр Аляксей Туровіч выказаў сваё спачуванне парафіянам і прапанаваў дапамогу ў адбудове святыні.

На сустрэчы гучалі вершы Казіміра Сваяка. Шмат добрых слоў у адрас клюшчанцаў, касцёла і яго пробашча кс. Анатолія Захарэўскага было выказана і іншымі гасцямі: літаратарам Язэпам Янушкевічам, мастацтвазнаўцай Святланай Радзевіч, мастаком Алегам Драбышэўскім, які падараваў музею Казіміра Сваяка да яго адкрыцця сваю карціну “Клюшчанскі касцёл”.

kluszczany swajaka 11

На заканчэнне выступіў кіраўнік гурта “Балцкі субстрат” Максім Іўкін, які ўзбагаціў сваякоўскую спадчыну тым, што напісаў на словы Казіміра Сваяка восем песень. Адна з іх  “Чарачку адну…” і была ім выканана. Па замове прысутных на заканчэнне Максім Іўкін праспяваў “Ave Maria”.

Атмасфера, якая панавала на сустрэчы, была сапраўды сяброўскай, “сваякоўскай”. Людзі ўсміхаліся праз слёзы, якія яшчэ не высахлі пасля прагляду “Гісторыі касцёла”, шчыра дзякавалі пробашчу клюшчанскай парафіі кс. Анатолю Захарэўскаму за цікавае, духоўна насычанае мерапрыемства, дзякавалі гасцям і доўга не разыходзіліся.

Іаланта Валуевіч