Skip to main content

“Бог глядзеў на нас і радаваўся”: уражанні ўдзельнікаў ІІІ Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі

adm zawiarszennie 36З 29 красавіка па 1 мая ў Гродна адбылася ІІІ Усебеларуская сустрэча каталіцкай моладзі. Удзельнікі сустрэчы распавядаюць пра свае ўражанні і пачуцці.

 

Максім Юшкевіч (Гродзенская дыяцэзія)

maks juszkewicz

“Уражанняў засталося вельмі шмат. Тым больш што на гэтых днях моладзі я першы раз паспрабаваў сябе ў якасці валанцёра. Гэта быў бясцэнны вопыт. Рыхтаваліся мы доўга і старанна.

Першая сустрэча валанцёраў праходзіла ў лютым. На працягу гэтых месяцаў мы абмяркоўвалі ідэі, ўносілі карэктывы, планавалі, стараліся арганізаваць усё так, каб гэты час запомніўся кожнаму ўдзельніку Усебеларускай сустрэчы моладзі. Спадзяюся, што так усё і выйшла”.

 

Алена Велюць (Гродзенская дыяцэзія)

alena veluc

“Калі ацэньваць гэтую сустрэчы па дзесяцібальнай шкале, то я пастаўлю 11. Было прыемна разумець, што мы сапраўды як адна вялікая сям’я трымаемся побач у моцных, але ўтульных абдымках Найвышэйшага”.

 

Лізавета Граковіч (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія)

liza grakowicz

“У Днях моладзі я ўдзельнічаю першы раз, і магу сказаць, што для мяне гэтая сустрэча стала сапраўдным адкрыццём. Мне, вядома, распавядалі, што падобныя сустрэчы хрысціянскай моладзі вельмі цікавыя і насычаныя. Але каб настолькі…

Па-першае, арганізацыя была на вышэйшым узроўні: пачынаючы ад рассялення, заканчваючы праграмай. Усе канцэрты, сумесныя малітвы, канферэнцыі запомняцца мне яшчэ надоўга. Магу сказаць, што я бавіла гэты час цікава і весела, а самае галоўнае – побач з Богам”.

 

Караліна Анджэеўская (Гродзенская дыяцэзія)

karalina andzejeuskaja

“Каторы раз пераконваюся, што атмасферу Усебеларускай сустрэчы моладзі не замяніць нічым. Такія дні не могуць не зрабіць чалавека больш шчаслівым, бо гэта час духоўнага насычэння.

Рытм жыцця ў сучасным свеце вельмі хуткі. Усе занятыя, заўсёды кудысьці бягуць і спяшаюцца. Але час побач з Богам нібы спыняецца. Людзям гэтага сапраўды не хапае. Жадаю ўсім удзельнікам гэтай сустрэчы як мага даўжэй захоўваць дух Любові ў сваіх сэрцах, развівацца духоўна і проста атрымліваць асалоду ад жыцця ”.

 

Марыя Баранава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія)

maryja baranawa

“Цудоўна тое, што Бог сабраў усю хрысціянскую моладзь Беларусі ў адным месцы і ў адзін час. У гэтым годзе было шмат людзей, і гэта выдатна! Моладзь хоча быць побач з Хрыстом і ісці за Ім.

Я думаю, Бог глядзеў на нас і сапраўды радаваўся. Было вельмі прыемна сустрэць старых знаёмых і пазнаёміцца з новымі людзьмі. Больш за ўсё спадабаліся канферэнцыі, святыя Імшы і канцэрты. Сумна ехаць дадому, але ўсё добрае калі-небудзь заканчваецца. Было цудоўна! Бог вялікі!”

 

Сяргей Кароль (Гродзенская дыяцэзія)

siargej karol

“На Усебеларускай сустрэчы моладзі я ўпершыню. Наведаў гэтае мерапрыемства па радзе аднаго добрага чалавека і ні кроплі не пашкадаваў. Уразіла вялікая колькасць добрых, ветлівых, адкрытых, вясёлых, цікавых маладых людзей. Уразіла тая адкрытасць і прастата, з якой Каталіцкі Касцёл ідзе на сустрэчу да моладзі.

Арганізацыя была выдатная, ад забаўляльных праграм засталіся толькі станоўчыя эмоцыі, а ўсе малітвы да адной запалі ў душу. Хоць я і з’яўляюся праваслаўным, але лічу, што ўсе мы, хрысціяне, – браты і сёстры, якія павінны трымацца разам. Дапамагаць адзін аднаму, не баяцца казаць іншым аб сваёй веры і захоўваць яе ў сэрцах. Я дзякую ўсім арганізатарам і ўдзельнікам форуму за цудоўны час, праведзены разам. Захоўвай вас Бог!”

 

Падрыхтавала Вікторыя Бурч