Пра арганізацыю і перажыванне ІІІ Агульнабеларускай сустрэчы моладзі падзяліўся ў размове з карэспандэнтам Grodnensis.by ксёндз канонік Антоні Грэмза – душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі і арганізатар гэтага форуму маладых католікаў нашай краіны.
“У маёй практыцы гэта 25-я Дні моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі і першыя Агульнабеларускія, – распавёў ксёндз канонік. – Праводзіць іх – складанасць, але і радасць, калі мы разам, як адна каманда – і моладзь, і мясцовыя святары – ствараем гэтае свята для моладзі. Адчуваеш радасць таксама, калі бачыш, што існуе аддача – моладзь радуецца, моліцца падчас гэтай сустрэчы. Такім чынам, ёсць плён нашай працы, намаганняў, якія мы ўклалі ў падрыхтоўку сустрэчы, і ён бачны сёння”.
“Дзякуй Богу за гэты цудоўны час, за тое, што моладзь прыехала сюды з розных куткоў Беларусі, і ў гэтыя дні мы разам ствараем тут адзіную Божую сям’ю, – дадаў святар. – Думаю, што такая практыка павінна быць рэгулярнай, мы павінны больш аб’ядноўвацца і духоўна сведчыць, што мы, касцёльная моладзь, хочам супольна будаваць Касцёл на нашай зямлі”.
Гаворачы пра галоўнае пасланне, якое атрымаюць удзельнікі сустрэчы, кс. Антоні Грэмза паведаміў, што гэтым пасланнем будзе тое, каб маладыя людзі жылі ў Божай ласцы, як Марыя. “Каб шукалі паклікання ў Пану Богу, рэалізавалі яго з Богам. Каб былі шчаслівыя ў сваім пакліканні – у святарстве, у манаскім або ў сямейным жыцці, у жыццёвым заданні, якое выконваюць. Каб былі такім чынам шчаслівымі людзьмі і жылі ў Божай ласцы”, – сказаў душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
JM