23 красавіка, ва ўспамін святога Юрыя, у парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках адбылася адпустовая ўрачыстасць.
У бакавым алтары касцёла знаходзіцца абраз святога Юрыя. Яшчэ да пабудовы касцёла пад тытулам святога Уладзіслава на гэтым месцы быў касцёл святога Юрыя. Уладальнік земляў граф Уладзіслаў Умястоўскі больш за стагоддзе таму перабудаваў драўляны касцёл на цагляны, змясціўшы ў галоўным алтары абраз святога Уладзіслава, а абраз святога Юрыя стаў напамінам аб ранейшым тытуле парафіі.
Урачыстасць пачалася літаніяй да святога Юрыя і эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Святую Імшу ўзначаліў ксёндз дэкан Віктар Субель. Дзякуючы кс. Алегу Яновічу вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
У гаміліі кс. Дзмітрый Несцер нагадаў вернікам аб постаці святога Юрыя, распавёўшы пра яго жыццёвы шлях, заклікаў быць мужнымі воінамі Езуса Хрыста, стойка трываць у веры, як гэта рабіў святы, і звяртацца за дапамогай да заступніка парафіі.
Сваім спевам літургію аздабляў дзіцячы хор “Суботніцкія зоркі”.
Напрыканцы пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч шчыра падзякаваў святарам і вернікам за ўдзел ва ўрачыстасці. Нягледзячы на працоўны дзень, касцёл быў запоўнены вернікамі як сваёй, так і суседніх парафій, якія знайшлі час і магчымасць падзякаваць святому заступніку і яшчэ раз папрасіць аб патрэбных ласках.
Людміла Пясецкая