Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць св. Юрыя прайшла ў Новай Рудзе

sw juryja 2322 красавіка ў парафіі Cв. Юрыя ў Новай Рудзе (дэканат Гродна-Усход) адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі св. Юрыя. У бакавым алтары прыгожага адноўленага і дагледжанага касцёла знаходзіцца абраз святога, якога папярэднія пакаленні абралі сваім асаблівым апекуном і які ўжо шмат гадоў просіць у Бога для ўсёй парафіяльнай супольнасці і сем’яў патрэбныя дары і ласкі.

Сёлетнія ўрачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Невялікая парафіяльная супольнасць, якая налічвае каля 100 чалавек, з якіх 45 хворых, вельмі радасна вітала свайго пастыра, што прыбыў, каб у гэты дзень маліцца ў яе інтэнцыі.

Вітаючы іерарха, пробашч парафіі а. доктар Андрэй Шчупал CSsR адзначыў, што гэтая вялікая ласка для мясцовых вернікаў, якія, збіраючыся вакол свайго біскупа, адчуваюць найперш еднасць з Паўсюдным Касцёлам і ўсведамляюць прыналежнасць да вялікай сям’і Божых дзяцей.

Падчас Эўхарыстыі іерарх благаславіў новыя стацыі Крыжовага шляху і адноўленую званіцу. Таксама біскуп удзяліў скрамэнт канфірмацыі моладзі і старэйшым парафіянам.

sw juryja 27

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што св. Юрый, апякун парафіі, указвае сучасным людзям на Езуса і вучыць, як быць адважным сведкам Уваскрослага Пана.

Па словах святара, гэты святы жыў у свеце, у якім нічога не спрыяла таму, каб вызнаваць веру ў Хрыста, бо тыя, хто вызнаваў яе і паказваў сваю прыналежнасць да Яго, гінулі мучаніцкай смерцю.

На заканчэнне ўрачыстасці тыя, хто быў у гэты дзень узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту і абяцалі, што на ўзор свайго апекуна будуць старацца бараніць веру і паказваць свету стыль хрысціянскага жыцця. Завяршылася ўсё эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

sw juryja 41

Біскуп Кашкевіч выказаў удзячнасць мясцовым вернікам і пробашчу парафіі за тое, што ўсё сваё сэрца аддаюць клопату і аднаўленню касцёла. Іерарх адзначыў, што гэтая знешняя прыгажосць з’яўляецца выразам і жаданнем жыць разам з Богам, без якога яны не ўяўляюць сваёй штодзённасці. Таксама біскуп заклікаў парафіян далей трываць з Хрыстом і з нагоды Нядзелі Добрага Пастыра, якая прыпадала на гэты дзень, заахвоціў маліцца аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

JM