15 красавіка наймалодшыя вернікі парафіі Духа Святога ў Гродне (Альшанка) выступілі з велікодным прадстаўленнем. Большасць удзельнікаў прадстаўлення належыць да дзіцячага музычнага гурта “Анёлы”, які дзейнічае ў парафіі два гады.
Маленькія акцёры прадставілі прысутным сцэну Уваскрасення Езуса Хрыста, падкрэсліўшы, што яно з’яўляецца фундаментам нашай веры.
Разам з дзецьмі ў падрыхтоўцы прадстаўлення ўдзельнічалі іх бацькі і сястра Вікторыя, якая ўжо год з’яўляецца кіраўніком гурта “Анёлы”. Праз танец і вершы ўсе яны пастараліся перадаць праўду Уваскрасення.
Самаму малодшаму ўдзельніку гурта – тры гады. Дзеці з вялікай стараннасцю імкнуліся паказаць вернікам свае артыстычныя здольнасці.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда падзякаваў усім сабраным, с. Вікторыі, маленькім акцёрам і іх бацькам. Святар выступіў з прапановай, каб такіх мастацкіх акцый у самай маладой парафіі Гродзенскай дыяцэзіі было як найбольш. Пробашч адзначыў, што праз такія прадстаўленні Евангелле дасягае вернікаў усіх пакаленняў, бо перадаецца даступным і зразумелым чынам.
JM