15 красавіка дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат), дзе ўзначаліў святую Імшу.
Іерарх захацеў падзяліцца з вернікамі гэтай парафіі радасцю ўваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста.
У гаміліі біскуп прасіў вернікаў, каб іх штодзённая размова і дыялог з іншым чалавекам былі напоўнены зместам Евангелля. “Калі мы будзем размаўляць з іншымі зместам Евангелля, дзе будзе прабачэнне, любоў, згода, паяднанне, тады дзень уваскрасення настане ўжо сёння, у гэты момант, бо гэта будзе перамога Езуса Хрыста”, – сказаў іерарх.
Падчас Эўхарыстыі біскуп асаблівым чынам маліўся ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, найперш дзяцей і моладзі.
Таксама ў гэты дзень іерарх наведаў капліцу св. Юрыя ў Вароне, дзе сабраліся шматлікія вернікі. Пасля Імшы біскуп правёў катэхезу для парафіян, павучаючы іх таму, як трэба несці радасць Евангелля ў сучасным свеце.
Біскуп адзначыў, што Касцёл заўсёды клапоціцца аб выхаванні новых пакаленняў вернікаў, якія з’яўляюцца будучыняй і надзеяй. “Важна быць блізка да іншага чалавека, бо гэта рэалізацыя паклікання да любові”, – дадаў іерарх. Біскуп заклікаў старэйшае пакаленне казаць сваім дзецям і ўнукам пра Хрыста і распальваць у іх сэрцах полымя веры і надзеі.
На заканчэнне іерарх заахвоціў да малітвы аб блізкім Звычайным пасяджэнні біскупаў у Рыме і ІІІ Агульнанацыянальнай сустрэчы моладзі, якая на рубяжы красавіка і мая адбудзецца ў Гродне.
Біскуп падзякаваў пробашчу парафіі кс. Паўлу Звяжынскаму за руплівае служэнне сярод сваіх вернікаў і за працу аднаўлення парафіяльнага дома.
Kс. Юрый Марціновіч