14 красавіка ў Гродне адбылося асвячэнне Інфармацыйна-турыстычнага цэнтра Гродзенскай дыяцэзіі, які знаходзіцца пры пабрыгіцкім кляштары.
Асвячэнне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел госці з нашай краіны і з-за мяжы. Прысутнічалі між іншым старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой і Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.
Пасля афіцыйнага ўвядзення ў эксплуатацыю цэнтр будзе актыўна папулярызаваць турыстычны патэнцыял Гродзенскай дыяцэзіі.
Мультымедыйная зала будзе выкарыстоўвацца ў наступных мэтах: для арганізацыі перасоўных выставак, як месца сустрэчы разнастайных каталіцкіх супольнасцяў, як месца правядзення канферэнцый, творчых майстар-класаў, а таксама спаўняць шмат іншых функцый.
У будучыні турысты змогуць паглядзець відэавізітоўкі каталіцкіх святыняў, якія з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны.
Kс. Юрый Марціновіч
Фотa: Кінга Красіцкая