11 красавіка ў будынку курыі Гродзенскай дыяцэзіі Гімнам да Святога Духа пачалося 69 пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У пасяджэнні прымаюць удзел усе біскупы Беларусі, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, a таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек MIC.
Падчас сустрэчы біскупы абмяркуюць, між іншым, пытанні адносна фармацыі будучых святароў, а таксама ў тайным галасаванні выбяруць кіраўніцтва Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на наступныя 3 гады: старшыню, яго намесніка і генеральнага сакратара.
Біскупы азнаёмяцца з падрыхтоўкай да ІІІ Агульнабеларускай сустрэчы моладзі, якая ў канцы красавіка адбудзецца ў Гродне, і прыгатаваннямі да Будслаўскага фэсту, які будзе адзначацца 1–2 ліпеня.
Іерархі таксама вырашаць і іншыя пытанні.
Пасяджэнне завершыцца 12 красавіка.
Кс. Юрый Марціновіч