8 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць у Астрыне, якая перажывала адпустовую ўрачыстасць Божай Міласэрнасці.
Іерарх удзяліў 14 вернікам у парафіі сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі біскуп адзначыў, што гісторыя ўзнікнення абраза Езуса Міласэрнага, які быў напісаны паводле ўказанняў св. Фаўстыны Кавальскай, звязана з нашай зямлёй.
“Сённяшні свет, як апостал Тамаш, мае патрэбу дакрануцца да Езусавых ранаў, і дзякуючы гэтаму дотыку ў чалавечых сэрцах разліваецца Божая ласка і міласэрнасць”, – сказаў таксама іерарх.
Біскуп заклікаў шматлікіх вернікаў, якія ў гэты дзень прыбылі на малітву, не толькі прасіць Бога аб міласэрнасці для саміх сябе, але і быць па Яго прыкладзе міласэрнымі да іншых, каб даваць гэтую міласэрнасць кожнаму, каго сустракаюць.
Звяртаючыся да моладзі, якая была ўзбагачана дарамі Духа Святога, іерарх заклікаў, каб яна не баялася дакранацца да чалавека ў патрэбе, каб абудзіла ў сабе чуласць сэрца на голас чалавека, які кліча аб дапамозе, або згубленага ў віры сучаснага свету. Таксама біскуп заахвоціў да супрацоўніцтва з Божай ласкай, ставячы ў прыклад апосталаў, якія дзякуючы адвазе і ласцы Бога здолелі ўчыніць так шмат для свету.
На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Зянон Рамейка падзякаваў біскупу за дар супольнай малітвы ў гэты асаблівы для парафіі дзень, за ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі і пастырскае ўмацаванне Словам і благаслаўленнем.
Свята завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: а. Віталь Слука SP