Вернікі парафіі ў Сапоцкіне па традыцыі штогод у нядзелю Божай Міласэрнасці здзяйсняюць пілігрымку ў парафіяльную капліцу ў Свяцку, дзе знаходзіцца абраз “Езу, давяраем Табе”.
Удзельнікі пілігрымкі захацелі ў гэты дзень даверыць свае справы Езусу Міласэрнаму, які сам пажадаў, каб першая нядзеля пасля Вялікадня была святам Міласэрнасці.
“Жадаю, – сказаў Пан Езус, – каб свята Міласэрнасці было прытулкам і прыстанішчам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў”.
Падчас шляху пілігрымы асаблівым чынам супольна прасілі Бога, каб быў міласэрны да іх і да ўсяго свету. Гэтая пілігрымка хоць і з’яўляецца вельмі кароткай, бо ўключае толькі некалькі кіламетраў, але заўсёды дае вернікам магчымасць спазнаць Божую ласку і прысутнасць Пана Бога, які ў любых жыццёвых абставінах стаіць побач з чалавекам.
У капліцы Божай Міласэрнасці ў Свяцку адбылася адпустовая Імша, падчас якой вернікі ў вялікай засяроджанасці трывалі на малітве, давяраючы Богу саміх сябе, а таксама просячы аб міласэрнасці для зацвярдзелых грэшнікаў.
Са святам Божай Міласэрнасці асабліва звязана абяцанне Хрыста, якое занатавала ў сваім “Дзённіку” святая Фаўстына: “Тая душа, якая прыступіць да споведзі і святой Камуніі, атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў” (Дз. 699). Таму многія ўдзельнікі пілігрымкі прыступілі ў гэты дзень да святой Камуніі, каб атрымаць ласкі, абяцаныя Езусам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Людміла Кавальчук