Skip to main content

Душпастырства “OPEN” даверылі св. Яну Паўлу ІІ у 13-годдзе яго смерці

popejohnpaulУ 13-ю гадавіну смерці святога Папы Яна Паўла ІІ, што прыпадае 2 красавіка, прадстаўнікі Акадэмічнага душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” разам с сваім душпастырам кс. канонікам Антоніем Грэмзам сабраліся ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкім) у Гродне.

У гадзіну смерці Святога Айца – 21.37 – яны даверылі Яну Паўлу ІІ усё душпастырства і ўсе ініцыятывы, якія пры ім рэалізуюцца. Моладзь трывала на малітве пры рэліквіях крыві святога, якія з нядаўняга часу захоўваюцца ў касцёле.

jp open 2

Святы Ян Павел ІІ з’яўляецца апекуном душпастырства моладзі, а яго словы, скіраваныя да маладых людзей падчас Сусветных дзён моладзі ў Таронта “Будучыня складзена ў вашых сэрцах і ў вашых руках”, ляглі ў аснову дзейнасці душпастырства “OPEN”.

jp open 1

Папа Ян Павел ІІ памёр 2 красавіка 2005 г., у вігілію нядзелі Божай Міласэрнасці, у 21.37, ва ўзросце амаль 85 гадоў, з якіх было 59,5 гадоў святарства і 26,5 пантыфікату. Яго пантыфікат працягваўся 26 гадоў, 5 месяцаў і 16 дзён і быў трэцім па даўжыні ў гісторыі папства – пасля св. Пятра і Пія ІХ. Датай літургічнага ўспаміну св. Яна Паўла ІІ абрана 22 кастрычніка – дзень урачыстай інаўгурацыі яго пантыфікату.

Кс. Юрый Марціновіч