28 сакавіка ў доме сясцёр назарэтанак у Гродне з нагоды набліжэння святаў Уваскрасення Пана адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства.
Традыцыйную сустрэчу перад святамі, якая праходзіць ужо шмат гадоў, арганізавалі манахіні Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта разам з дабрачынным каталіцкім таварыствам “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Удзел у ёй прынялі больш за 80 чалавек.
Усіх прысутных прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх пажадаў ім Божага міру і радасці ў сэрцы, каб святы Уваскрасення Пана, якія набліжаюцца, прынеслі найперш надзею на лепшае заўтра.
Біскуп асвяціў пасілак, а затым асабіста ўручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы маляванае яйка, якое з’яўляецца сімвалам плоднасці, адраджэння жыцця і знакам перамогі Хрыста над смерцю.
Сёстры законныя і жанчыны-валанцёркі разнасілі сабраным пры святочным стале ежу: рыбны суп, а потым асноўную страву – бульбу і курыцу. Кожны ўдзельнік велікоднага абеду атрымаў таксама салодкую булачку, а пры выхадзе – шкарпэткі і мыла.
У доме назарэтанак на працягу зімовага, веснавога і восеньскага перыяду дзейнічае таксама бясплатная сталовая для бяздомных, дзе яны штодзень могуць паабедаць. Яны прыходзяць, каб падсілкавацца і аблегчыць душу, распавядаючы пра свае праблемы. Для многіх з іх гэта адзіны пасілак, які яны спажываюць на працягу цэлага дня.
Праз такія акцыі, мэта якіх – звярнуць увагу на тых, хто знаходзіцца ў патрэбе і жыве ў нястачы, Касцёл паказвае, што заўсёды стараецца спадарожнічаць чалавеку ў яго цяжкіх умовах жыцця і жадае прыйсці з дапамогай.
Ад гэтых людзей часта адварочваецца грамадства, але яны заўсёды могуць знайсці месца ў сэрцы Бога і Касцёла. Таму таксама сённяшні Папа Францішак падчас свайго пантыфікату звяртаецца да бедных і пакінутых і заклікае ўсіх членаў Касцёла быць больш чулымі да крыку бедных і цярпення хворых, да самотнасці пажылых людзей і патрэбаў дзяцей.
Пантыфік у сваім навучанні неаднаразова падкрэсліваў, каб крык бедных ніколі не пакідаў людзей абыякавымі, а самотнасць састарэлых і крохкасць дзяцей узрушвала чалавечыя сэрцы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Вольгі Сяліцкай