Skip to main content

23-і крыж усталявалі ў Ашмянах на мясцовай Галгоце

galszany galgofa 22Пальмовая нядзеля, якая з’яўляецца нядзеляй Мукі Пана, у Ашмянах адзначаецца асаблівым і выключным чынам. Кожны раз у гэты дзень вернікі парафіяльнай супольнасці Св. Міхала Арханёла ідуць у Крыжовым шляху на мясцовую так званую Галготу.

Штогод падчас гэтага набажэнства яны нясуць вялікі крыж, які на заканчэнне Крыжовага шляху ўстанаўліваюць. У гэтым годзе на ашмянскай Галгоце быў пастаўлены 23-і крыж.

Крыж выразаюць напярэдадні, яго даўжыня складае не менш за 4 метры, а вага – не менш за 400 кілаграмаў. Мужчыны нясуць яго на плячах, ані разу не апускаючы на зямлю. Вернікі праходзяць прыкладна каля двух кіламетраў. З году ў год маршрут не змяняецца. Ад касцёла ён ідзе па Францішканскай вуліцы і заканчваецца на Святой Гары.

Святая, ці Францішканская, гара ў Ашмянах лічыцца адной з самых высокіх кропак у Беларусі. Ля яе падэшвы яшчэ захаваліся руіны касцёла св. Францішка, які быў пабудаваны, як прыблізна мяркуюць, паўтысячы гадоў таму, а на самой гары калісьці былі могілкі.

Сёлетні Крыжовы шлях узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх пажадаў вернікам, каб час Вялікага тыдня яны перажылі па-Божаму, яднаючыся духоўна ў сваіх малітвах з церпячым Езусам.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота ўзяты з інтэрнэт-старонкі www.osh.by