9-10 сакавіка ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адбылося набажэнства “24 гадзіны для Пана”, спалучанае з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Да ўдзелу ў набажэнстве былі запрошаны вернікі ўсіх парафій Ліды. Да малітвы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам далучыліся таксама члены малітоўных супольнасцяў, якія дзейнічаюць пры лідскіх парафіях: “Легіёну Марыі”, Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, “Маці ў малітве” і Францішканскага ордэну свецкіх.
Прысутныя ў святыні трывалі ў еднасці веры, пакаяння і малітвы разам з удзельнікамі набажэнства “24 гадзіны для Пана” ва ўсім свеце.
У гэты час адбываліся святыя Імшы, падчас якіх падкрэслівалася важнасць таго, каб быць верным Богу і быць Яго сапраўдным вучнем. Удзельнікі былі таксама закліканы ператварыць гэтую малітву ў канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці, аглядаючыся вакол сябе, дапамагаючы іншым, адкрываючы свае сэрцы, каб такім чынам дасягнуць любові Пана.
Набажэнства “24 гадзіны для Пана” – велікапосная малітва, якая здзяйсняецца па ініцыятыве Папы Францішка і да ўдзелу ў якой Святы Айцец у чарговы раз запрасіў усіх у гэтым годзе. Папа жадаў, каб такім чынам вернікі лепш адчулі прысутнасць Хрыста Эўхарыстычнага, каб навяртанне, вызнанне грахоў і пакаянне адбываліся ў кантэксце сустрэчы з Езусам, прысутным у Эўхарыстыі.
Кс. Юрый Марціновіч