4 сакавіка ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лабне (Сапоцкінскі дэканат) адзначылі адпуст у гонар св. каралевіча Казіміра. Ужо шмат гадоў адпуст святкуецца ў гэтай парафіяльнай супольнасці. Шматлікія вернікі, збіраючыся ў святыні, узносяць малітвы Богу праз заступніцтва святога.
Адпустовую Імшу ўзначаліў а. Павел Раманчук OFMConv. У гаміліі святар распавёў пра асобу св. Казіміра, які з’яўляецца таксама апекуном Гродзенскай дыяцэзіі. Айцец Раманчук адзначыў, што сённяшні свет становіцца ўсё больш развітым, а людзі ўсё больш разумнымі, аднак пры гэтым забываюць пра жыццёвую мудрасць і жыццё з Панам Богам.
“Сапраўдная мудрасць здабываецца толькі на каленях, калі чалавек становіцца перад Богам, а прыклад гэтага пакінуў нам св. Казімір”, – дадаў святар. Па словах а. Раманчука, чалавек толькі перад Богам адкрывае сэнс свайго існавання і вучыцца сапраўднай мудрасці.
“Нам трэба вучыцца мудрасці Божай, каб ратаваць свае сужэнствы, сем’і, каб уводзіць грамадскі лад ва ўсе сферы нашага жыцця”, – сказаў святар.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто атрымаў падчас хросту імя святога Казміра, што памёр у Гродне ў 1484 г., калі яму было толькі 26 гадоў. Маліліся таксама за пробашча парафіі кс. Казіміра Жывалеўскага, апекуном якога з’яўляецца святы каралевіч.
Святы Казімір абвешчаны заступнікам Літвы і Польшчы, а таксама Гродзенскай дыяцэзіі. Ён з’яўляецца заступнікам моладзі і рамеснікаў.
Кс. Юрый Марціновіч