У сацыяльным служэнні Каталіцкага Касцёла асобае месца займае праца з моладдзю, асноўная мэта якой з’яўляецца духоўнае і маральнае ўзрастанне маладых людзей. Папулярызацыя агульнахрысціянскіх каштоўнасцей у моладзевым асяроддзі – неад’емная частка жыцця парафіі Св. Міхала ў Навагрудку. Хлопцы і дзяўчаты не толькі наведваюць св. Імшу, але і прымаюць актыўны ўдзел у падрахтоўцы і правядзенні розных мерапрыемстваў.
Знайсці прымяненне сваім талентам і здольнасцям могуць і спартсмены, і музыкі, і мастакі, і проста тыя, хто хоча зрабіць добрую справу. Сярод валанцёраў і ўдзельнікаў можна сустрэць не толькі католікаў, але і маладых людзей іншых канфесій. Асобае месца ў жыцці парафіі займае музыка – для навагрудчан праводзяцца канцэрты духоўных і класічных кампазіцый, арганізуюцца музыкальныя вечары і майстэрні.
Два гады таму пры касцёле быў створаны моладзевы хрысціянскі гурт. З часам ён набыў назву – “Veni”, што з лацінскай мовы азначае “прыдзі”. У гэтым слове сутнасць усіх кампазіцый, якія выконвае калектыў, заклікаючы чалавека прыйсці да веры.
Я вырашыла бліжэй пазнаёміцца з маладзёнамі і сустрэлася з імі на рэпетыцыі, якія праходзяць у адным з храмавых памяшканняў. Тут знаходзяцца музычныя інструменты і гукаабсталяванне, а добрая гукааізаляцыя дазваляе гурту праводзіць пробы ў кожны час, нікому не перашкаджаючы.
Склад гурта некалькі разоў змяняўся, і на дадзены момант яго ўтвараюць 7 чалавек ва ўзросце 13-25 гадоў. Адныя яшчэ навучаюцца ў школе, а некаторыя ўжо працуюць і атрымліваюць вышэйшую адукацыю завочна. Усе яны вельмі розныя, аднак іх аб’ядноўвае вера, талент і любоў да музыкі.
- Разам нас сабраў кс. Юрый, пробашч парафіі. Яго зацікаўленасць справай і шчырае жаданне, каб кожная з іх прыносіла карысць людзям і духоўную радасць, не пакінула нікога абыякавым. Дзякуючы кс. Юрыю мы не проста існуем як калектыў, але і развіваемся, пашыраючы рэпертуар і прымаючы актыўны ўдзел у канцэртах духоўнай музыкі ў розных гарадах Беларусі, – распавялі маладзёны.
Данік Сакевіч грае на барабанах. Ён самы малады ў гурце, а ў калектыў прыйшоў адным з першых. З самага пачатку ў гурце і гітарыст Яўген Чарнецкі – звычайна грае на электрагітары. Юлія Аскерка (не прыняла ўдзел у сустрэчы), Кацярына Шчыкалава і Дар’я Аўсяная – вакалісты. Акрамя таго, пры выкананні кампазіцый, у якіх неабходна прысутнасць клавішных інструментаў, Юлія грае на сінтэзатары. Марк Крывіцкі - гітарыст і гукарэжысёр. А яго родная сястра і бас-гітарыст Яна Крывіцкая таксама выконвае абавязкі адміністратара.
Што цікава, большасць з іх нават не заканчвалі школы мастацтваў, а калі і вучыліся, то зусім у іншых напрамках. Нездарма кажуць: таленавіты чалавек - таленавіты ва ўсім.
- У нас хрысціянскі гурт, таму ўсе тэксты духоўнага зместу. А вось музыка можа быць самая розная – класічная, джазавая і нават рок, - адзначаюць суразмоўцы. - Першапачаткова выконвалі песні іншых, ужо вядомых гуртоў. Цяпер жа часцей за ўсё бярэм гатовы тэкст, а вось музыку падбіраем на слых. За час існавання гурта мы выканалі больш за 240 кампазіцый. Выступалі не толькі ў касцёлах Навагрудка і Ўселюба, але і ў Бярозаўцы, Іўі, Жодзіна, і двойчы ў Мінску. Наведалі фестываль у Баранавічах і далі асобны канцэрт у Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. А ў студзені гэтага года выступілі падчас раённага мерапрыемства памяці Ўладзіміра Высоцкага.
Дарэчы, 7 чалавек - гэта не мяжа. Мы гатовыя прыняць у свой калектыў і іншых таленавітых хлопцаў і дзяўчат, якія жывуць з верай у душы, любяць музыку і ўмеюць спяваць або граць на музычных інструментах, - сказалі на завяршэнне ўдзельнікі гурта.
Музыка не проста дадае нам радасці, вызваляе ад смутку ці дапамагае зняць стрэс. Музыка – гэта яшчэ і магчымасць даведацца штосьці новае пра іншых людзей, пра свет. Асаблівае месца ў ёй займаюць кампазіцыі духоўнага зместу, здольныя аб’яднаць асобаў розных поглядаў, узросту і нацыянальнасці. Як заўважыў адзін з класікаў, музыка не ведае межаў. Спадзяюся, што межы творчасці гурта “Veni” будуць пастаянна пашырацца, аб’ядноўваючы моладзь па ўсёй Беларусі.
Фота і тэкст: Анастасія Пятрова