З 26 па 28 лютага ў Цэнтры св. Лукі ў Ляскоўцы адбыліся традыцыйныя велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” з усіх дыяцэзій Беларусі. У духоўных практыкаваннях прынялі ўдзел і прадстаўнікі “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі.
Рэкалекцыі правёў кс. Віктар Місевіч, канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі. На пачатку святар адзначыў, што галоўным матывам кожных рэкалекцый з’яўляецца навяртанне і станаўленне лепшым чалавекам. Па словах кс. Місевіча, час Вялікага посту – добрая нагода зрабіць рахунак любові да Бога і да бліжняга. Таму святар заклікаў да выпраўлення сваіх адносін з Богам і людзьмі.
У межах рэкалекцый быў адпаведны час для асабістай малітвы, разважанняў, прыняцця рашэнняў, а таксама паглыблення сваёй веры і яе разумення. Для ўсіх супрацоўнікаў і валанцёраў “Карытас” гэтыя духоўныя практыкаванні сталі штуршком, каб далей служыць людзям, асабліва тым “маленькім” – бедным, занядбаным, пакінутым, хворым і церпячым, якія маюць патрэбу як у матэрыяльнай, так і духоўнай падтрымцы.
Кс. Юрый Марціновіч