З 23 па 25 лютага ў Смаргоні праходзіла сустрэча членаў літургічнай службы алтара, у якой удзельнічалі юнакі з Бараўлян, Дзятлава, Мінска і Смаргоні. Праводзілі сустрэчу кс. Станіслаў Краўчанка SDB, кл. Марк Найдзіч SDB, а таксама дасведчаныя міністранты, якія згадзіліся падзяліцца з удзельнікамі спаткання сваімі ведамі.
Падчас сустрэчы юнакі мелі магчымасць жыць у сем’ях мясцовых міністрантаў. Гэта стала немалаважным момантам у знаёмстве юнакоў, бо яны змаглі знутры ўбачыць лад жыцця сваіх сяброў і знаёмых, такіх самых міністрантаў, як і яны.
У суботу хлопцаў чакала сумесная св. Імша і канферэнцыя, дзякуючы якой прысутныя ўдакладнялі свае тэарэтычныя веды ў аспекце служэння каля алтара. Пасля міністранты мелі магчымасць праявіць свае здольнасці ў актыўных гульнях у спартзале.
Наступным момантам сустрэчы стаў Крыжовы шлях для дзяцей, які рыхтавалі і праводзілі ўдзельнікі сустрэчы.
Вечарам малодшых чакаў фільм, у якім узнімалася тэма сямейных каштоўнасцяў, а старэйшыя мелі магчымасць назіраць за фіналам салезіянскага суперкубка, у якім смаргонская каманда “Bosco” змагалася са сталічным “Вінегрэтам”. Гэтыя каманды сталі пераможцамі турніраў па мікра-футболе, якія праводзіліся адпаведна ў Смаргоні і Мінску. У выніку сустрэчы перамогу з лікам 3-2 атрымала каманда “Вінегрэт”.
У нядзелю ўдзельнікі сустрэчы пасля сумеснай малітвы падчас св. Імшы мелі магчымасць удасканаліць свае практычныя навыкі служэння каля алтара.
Пасля падвядзення вынікаў спаткання міністранты, якія мелі добрую магчымасць палепшыць навыкі ў сваім пакліканні, накіраваліся дадому, каб там, у сваіх парафіях, кожны мог годна несці сваю паслугу.
Паводле sdb.by