26 лютага ў спартыўнай зале сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя ў Навагрудку адбыўся таварыскі матч па міні-футболе паміж зборнай святароў Гродзенскай дыяцэзіі і камандай Навагрудскага раённага аддзела ўнутраных спраў.
З ідэяй правядзення матчу выступіў пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Юрый Жэгарын. Сярод мэтаў была папулярызацыя здаровага ладу жыцця і далучэнне моладзі да спорту. Таму яго з радасцю падтрымалі і святары Гродзеншчыны, і супрацоўнікі міліцыі.
У зборную дыяцэзіі ўвайшлі святары з Гродна, Каробчыц, Геранёнаў і іншых месцаў Гродзеншчыны на чале з пробашчам парафіі Святога Духа ў Гродне кс. Паўлам Салабудам. У складзе каманды РАУС, капітанам якой быў першы намеснік начальніка В. С. Шэйпак, гулялі дзеючыя супрацоўнікі.
Суддзямі выступілі выкладчык фізічнай культуры і спорту ліцэя А. І. Сенько і намеснік дырэктара ДЮСШ №2 г. Навагрудка В. Г. Навагран.
Сустрэча пачалася з прывітання, традыцыйнага абмену рукапацісканнямі і памятнымі сувенірамі.
Гульня атрымалася цікавая, поўная вострых момантаў. Абедзве каманды прымусілі балельшчыкаў пахвалявацца.
Лік адкрылі супрацоўнікі міліцыі, аднак святарам удалося зраўняць яго, а затым выйсці наперад. Вынікі гульні – 5:3 на карысць зборнай Гродзенскай дыяцэзіі. Завяршылася сустрэча размовамі і абменам меркаваннямі пра гульню.
В. С. Шэйпак адзначыў, што было цікава гуляць у футбол з людзьмі, якія далучаюць людзей да веры, і выказаў прапанову паўтарыць таварыскую сустрэчу, а, магчыма, і арганізаваць турнір з удзелам іншых каманд.
Як распавёў капітан зборнай Гродзенскай дыяцэзіі кс. Павел Салабуда, каманда існуе ўжо 10 гадоў. Першапачатковай мэтай быў удзел у чэмпіянаце Еўропы сярод святароў.
“Наша сустрэча падчас гульні ў футбол – гэта тая евангелізацыя, аб якой увесь час прыгадвае папа Францішак, калі святар выходзіць да людзей. Гульня ў футбол дазваляе нам гэта зрабіць. Праз такія сустрэчы вера распаўсюджваецца на нашай зямлі. Тыя, з кім мы гуляем, могуць з намі пазнаёміцца бліжэй, пазнаёміцца з жыццём Касцёла ў нашай краіне. Перад гульнёй, напрыклад, мы ўсе разам молімся, а пасля яе заўсёды можна пачуць добрыя і цёплыя словы ад кожнага з удзельнікаў”, – адзначыў кс. Павел Салабуда.
“Акрамя чэмпіянатаў, мы праводзім таварыскія гульні, каб паказаць, што святары – гэта звычайныя людзі, у якіх ёсць інтарэсы і захапленні, якія займаюцца спортам”, – дадаў капітан зборнай.
“Хачу падзякаваць святарам дыяцэзіі і супрацоўнікам міліцыі за тое, што адгукнуліся на маю прапанову і паўдзельнічалі ў добрай і цікавай гульні, – сказаў кс. Юрый Жэгарын. – А ўсім навагрудчанам жадаю моцнага духу і здароўя”.
Анастасія Пятрова