18 лютага ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя навучэнцы 3-га і 4-га курсаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прынялі паслугі лектарату і акалітату, а навучэнцы 5-га курсу сталі кандыдатамі да прыняцця пасвячэння дыяканату.
Паслугі ўдзяліў семінарыстам дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Да гэтай падзеі семінарысты рыхтаваліся непасрэдна праз велікапосныя рэкалекцыі, якія вельмі паспрыялі падрыхтоўцы будучых святароў да свядомага прыняцця надзвычай важных паслугаў.
З гэтага моманту лектары будуць не толькі абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, але і чэрпаць з Божага слова веру і адвагу, каб ператвараць яго ў жыццё падчас штодзённых абавязкаў.
Акалітаў, у сваю чаргу, Касцёл палічыў годнымі дакранацца да Найвялікшай Таямніцы хрысціянскай веры, каб яны маглі яшчэ больш прыпадобніцца да свайго Настаўніка, Езуса Хрыста.
Чатыры кандыдаты да прыняцця пасвячэння дыяканату цяпер распачнуць рыхтавацца да заданняў, якія Касцёл у будучыні паставіць перад імі, а менавіта – абвяшчэнне Божага слова, дапамога святару падчас цэлебрацыі Літургіі, а таксама служэнне найбольш патрабуючым.
Будзем памятаць у сваёй малітве пра ўсіх тых, хто няспынна робіць адважныя крокі на шляху да святарства, каб яны заўсёды былі вернымі Евангеллю і мужна распавядалі іншым аб тым, што ўчыніў для іх Хрыстус.
Яўген Амасёнак, семінарыст