Skip to main content

Cемінар-практыкум "Паспяховае бацькоўства" прайшоў у Гродне

 

seminar backoustwa 6У пачатку лютага на "Міждыяцэзіяльных курсах сямейнага жыцця" ў Гродне прайшоў семінар-практыкум "Паспяховае бацькоўства" для слухачоў курсаў i iншых зацiкаўленых.

У занятках прыняло ўдзел 30 чалавек. За два днi яны мелі магчымасць практыкавацца ў майстэрнях, якія дапамагалі здабываць новыя веды і досвед у працы з сем’ямі.

Удзельнікі семінара пазнаёміліся з трэнiнгавымi праграмамі для бацькоў: "Ад калыскі да школы", "Ад пяці да пятнаццаці", "Курс выжывання для бацькоў падлеткаў".

На семінары бацькам былі прадстаўлены абавязковыя правілы, якія неабходна выконваць. Гэта асноўныя правілы выхавання, якія дазваляюць дзіцяці расці здаровым як фізічна, так і псіхалагічна. Для гэтага, як было адзначана, усе бацькі павінны фарміраваць у дзіцяці станоўчы вобраз самога сябе; прывучаць дзіця да самастойнасці, а значыць, незалежнасці ад дарослага чалавека; даваць неабходныя веды, уменні і навыкі для паўнавартаснага росту і развіцця.

Нягледзячы на жаданне дабра свайму дзіцяці, бацькі, у большасці, дапускаюць шмат памылак у выхаванні. Гэта звязана і з няведаннем правіл, і з нястрыманасцю, і з жаданнем дагадзіць сваім дзецям любым даступным спосабам. Многія памылкі, якія дапускаюць бацькі, каштуюць дзецям сапсаванага характару, мноства комплексаў і негатоўнасці да ўступлення ў дарослае жыццё. Каб гэтага пазбегнуць, на семінары-практыкуме былі агавораны галоўныя правілы для бацькоў, якія проста неабходна выконваць ці прынамсі імкнуцца да гэтага.

seminar backoustwa 1

Таксама была звернута ўвага на тое, якая матывацыя навучання дарослых, адрозненні ўспрымання інфармацыі дарослымі і дзецьмі, тое, што неабходна ўлічваць пры арганізацыі трэнінгу для бацькоў.

Вядучымі былі Юлія Шымановіч, псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з Сацыяльнага цэнтра "Шчаслівы малыш" SOS-Дзіцячыя вёскі Беларусь, і Аксана Глушакова, псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, начальнік аддзела псіхалагічнага забеспячэння персаналу УЦ РУП "Мінскэнерга".

Вядучыя наглядна паказалі, як праводзіць праграму для сямейных пар. Семінар дапамагаў зразумець прычыну сённяшніх праблем у сям'і і даведацца, што ў гэтым накірунку можна палепшыць, а таксама тлумачыў, які ўплыў мы аказваем у сваёй сям'і.

Кожны ўдзельнік быў забяспечаны літаратурай для паляпшэння працы.

Удзельнікі семінара падзяліліся сваімі ўражаннямі:

Таццяна: "Я даведалася шмат важнай для сябе інфармацыі, напрыклад, аб тым, як правільна выхоўваць дзяцей".

Алена: "Хачу жыць і служыць, пахаваўшы сваё мінулае. У мяне ёсць будучыня ад Бога. Менавіта дзякуючы служэнню павінна адчувацца гармонія, гасціннасць і ўдзел, каб у Касцёле было адчуванне дома – гэта залежыць ад сям'і. А для гэтага неабходна пачаць сваё асабістае ўзрастанне ў Пане".

Анжэла: "Я вельмі рада, што прайшла трэнінг. Раней я дзейнічала па ўнутраным чуцці, а цяпер – з веданнем справы... У выніку я прыйшла да высновы, што ў маёй сям’і ўсё добра. Я вельмі рада, што гэта проста часовыя цяжкасці. Іншыя прыклады я ўзяла на заметку, а тэорыю коратка заканспектавала, каб не забыцца. Дапамагаю тату, тлумачачы яго жыццёвыя пазіцыі ў дачыненні да дзяцей".

Марына: "Удзел у трэнінгу даў мноства новай для мяне інфармацыі, упэўненасць, што ўсё будзе добра, то самае заспакаенне, на якое вельмі спадзявалася. Вялікі дзякуй! Атрымалася накіраваць нашы бацькоўскія намаганні ў мірнае рэчышча. Вельмі спадабалася мяккасць і тактоўнасць каментароў. Хочацца вучыцца ў вас яшчэ!"

Юрый: "Дзякуючы ўдзелу ў трэнінгу адкрыліся вочы на некаторыя важныя моманты ў паводзінах дзяцей: прычыны і наступствы, патрэбы дзяцей, іх жаданні, матывы... З’явілася адчуванне, што я не адзін такі бацька, што ва ўсіх тыя ж праблемы і пытанні. Дзякуй вялікі за курс".

Ганна: "Вельмі каштоўна было, што трэнінг быў інфарматыўны. Трэнінг дапамог задумацца і класіфікаваць праблемы, якія ўзнікаюць у сям'і. Стала спакайней, мне здалося, што праблем не так шмат, а тыя, што ёсць, вырашальныя. Мне вельмі спадабалася, што адказвалі на ўсе пытанні і каментавалі".

seminar backoustwa 8

Даведка:

Дадзены навучальны курс распрацаваны вядучымі спецыялістамі (псіхолагамі і педагогамі) Вялікабрытаніі ў 1986 годзе.

На тэрыторыю Беларусі праграма была прывезена і перакладзена на рускую мову спецыялістамі Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь у 2009-2010 гг.

Курс паспяхова праводзіцца ў многіх установах адукацыі Рэспублікі Беларусь.

На трэнінгу бацькам прапануецца тэарэтычная інфармацыя па правільным выхаванні дзяцей (якую яны атрымліваюць з дапаможніка для бацькоў), відэаматэрыял па праблеме, заяўленай на занятку.

Бацькі на канкрэтных навучальных прыкладах атрымліваюць практычныя адказы на хвалюючыя іх тэмы, адпрацоўваюць уменні і навыкі на ўласных прыкладах, маюць магчымасць абмеркаваць з іншымі бацькамі хвалюючыя пытанні і набыць новы вопыт у выхаванні дзіцяці.

Iрына Мялешка