11 лютага ў гродзенскай парафіі Святога Духа адбылося прыняцце дзевяці новых міністрантаў у літургічную службу алтара. Да гэтай урачыстай хвіліны хлопцаў рыхтаваў кс. Андрэй Белаблоцкі, мясцовы вікарый. Падчас св. Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Павел Салабуда, кандыдаты склалі абяцанні аддана служыць Хрысту і Яго Касцёлу. Таксама яны атрымалі новыя комжы - падарунак ад парафіянкі спадарыні Дануты Аўдзей.
Звяртаючыся да маленькіх вернікаў, кс. Павел адзначыў, што яны павінны стаць прыкладам для сваіх равеснікаў і заахвоціць іх не баяцца прыйсці да алтара Пана.
Парафія на Альшанцы з'яўляецца маладой супольнасцю, да якой належыць ужо 70 міністрантаў ва ўзросце ад 4 да 13 гадоў.
АМ