11 лютага, калі ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворых, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне арганізавала для ўсіх людзей пажылога ўзросту, хворых і церпячых парафіяльны Дзень хворых.
Людзі, якім не чужыя хвароба і цярпенне, прыбылі ў сваю святыню на спецыяльна замоўленых аўтобусах або дзякуючы людзям добрай волі, часта сваім суседзям.
Kасцёл спадарожнічае ў цярпенні
Падрыхтоўка да парафіяльнага Дня хворых пачалася некалькі месяцаў таму. Сёстры законныя і святары, якія служаць у гэтай парафіі, хацелі, каб у гэты дзень кожны хворы чалавек, які пражывае на яе тэрыторыі, мог прыняць удзел у свяце, падрыхтаваным спецыяльна для яго. Бо ў гэты дзень Касцёл жадае з вялікай любоўю і клопатам выйсці насустрач церпячым, самотным, выключаным.
Таму арганізатары імкнуліся таксама паказаць, што Касцёл спадарожнічае хворым асаблівым чынам, згодна са словамі Хрыста, сказанымі ў заканчэнні Евангелля паводле Марка: “На хворых будуць ускладаць рукі, і яны выздаравеюць” (Мк 16, 18).
Арганізатары Дня хворых паклапаціліся і аб тым, каб у гэты дзень у касцёле прысутнічалі медыкі, каб разам маліцца, даваць парады і кансультацыі. У іх можна было атрымаць патрэбныя лекі, а часта і неабходныя ўколы.
Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам хворыя і церпячыя маліліся аб патрэбных сілах у нясенні штодзённага крыжа, згодна са словамі Езуса: “Хто вытрывае да канца, будзе збаўлены” (Мк 13, 13).
Галоўным пунктам сустрэчы была святая Імша ў інтэнцыі ўсіх закранутых хваробай, калецтвам, цярпеннем з-за пажылога ўзросту, хто належыць да парафіі ў Сапоцкіне. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх маліўся таксама ў інтэнцыі ўсёй службы аховы здароўя, якая кожны дзень ратуе жыццё людзей і клапоціцца аб тым, каб грамадства было здаровым, і за ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы якім стала магчымым правядзенне гэтага свята.
Вера і адвага ў цярпенні
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што прысутнасць у святыні столькіх людзей, якія кожны дзень змагаюцца з болем цярпення, з’яўляецца доказам веры і адвагі ўсіх тых, якія, нягледзячы на шматлікія недамаганні, ідуць шляхам, які ўказаў Хрыстус.
“Сёння Езус Хрыстус звяртаецца да нас моцай свайго Слова і жадае дакрануцца да нас сваімі сакрамэнтамі: найперш сакрамэнтам пакаяння і паяднання, сакрамэнтам Эўхарыстыі, а таксама сакрамэнтам намашчэння хворых”, – дадаў святар.
Ксёндз Марціновіч заклікаў усіх быць людзьмі вялікай веры і моцнай адвагі, што, безумоўна, дапаможа быць упэўненым і зносіць цяжкасці штодзённасці.
Падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых. Вернікі з вялікай надзеяй прымалі гэтую Божую ласку, якая выражалася праз намашчэнне ілба і рук святым алеем, каб у хваробе не страціць веры ў Бога і ў жыццё вечнае.
Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў арганізатарам гэтай сустрэчы: сёстрам законным і святарам, якія служаць у парафіі і якія, праводзячы душпастырства, пастаянна памятаюць пра хворых і церпячых і ўдзяляюць ім шмат увагі.
“Хачу падзякаваць усім вам, дарагія браты і сёстры, абцяжараныя крыжам хваробы, за гэты вялікі, цудоўны дар, якім з’яўляюцца для Касцёла вашы цярпенні”, – дадаў біскуп, звяртаючыся да хворых.
Іерарх перадаў прывітанне ад Святога Айца Францішка, які падчас візіту біскупаў ad limina Apostolorum у Рым прасіў сказаць аб яго духоўнай блізкасці з Касцёлам у Беларусі.
Пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі адзначыў, што правядзенне такога свята ў парафіі, якое зрабілася ўжо шматгадовай традыцыяй, стала магчымым дзякуючы ўдзелу многіх людзей, здольных дапамагаць і дзяліцца тым, што маюць.
Хворыя, выходзячы са святыні, атрымалі ў падарунак шакаладкі i паштоўкі з напісанымі словамі падтрымкі. Здаровыя ў гэты дзень маглі прыгадаць сабе, што атрымалі асаблівае пакліканне – пакліканне да любові, і што сёння трэба быць сведкам гэтай Божай любові сярод хворых і церпячых.
Ідучы да хворых, трэба ўглядацца ў Езуса Хрыста, найвышэйшага Лекара, Даўцу жыцця, асаблівага Санітара чалавека і чалавецтва; вучыцца ў Яго чуласці да хворага і да чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Бо Ён атаясаміўся з хворымі і церпячымі, кажучы: “Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40).
Сусветны дзень хворых у гэтым годзе прайшоў у 26-ы раз. Ён быў устаноўлены Папам Янам Паўлам ІІ 13 мая 1992 г., у 75-ю гадавіну фацімскіх аб’яўленняў і ў 11-ю гадавіну замаху на жыццё Папы. Свята адзначаецца ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, а яго мэта – звярнуць увагу на хворых і церпячых ва ўсім свеце і маліцца за іх.
Дэвіз сёлетняга Сусветнага дня хворых – ““Вось сын Твой (…) Вось Маці твая”. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 26-27).
JM