
У гэты дзень гродзенская каманда не мела гульняў, а таму глядзела паўфінальныя матчы, у якіх спачатку каманда Харватыі перамагла каманду Босніі і Герцэгавіны, а каманда Польшчы выйграла ў каманды Партугаліі. У матчы за трэцяе месца каманда Босніі і Герцэгавіны перамагла каманду Партугаліі. Каманда Польшчы перамагла Харватыю з лікам 4:2 і ў чарговы раз стала чэмпіёнам Еўропы.
Гродзенская каманда была адзначана ў некалькіх намінацыях, а кс. Ян Рушніцкі прызнаны лепшым футбалістам каманды. Пасля фінальных гульняў прайшла сустрэча капітанаў, падчас якой кс. Павел Салабуда адзначыў, што для гродзенцаў гэта былі першыя спаборніцтвы такога ўзроўню і што нягледзячы на не зусім добрую фізічную форму, святары гродзенскай дыяцэзіі нязвыкла ўзбагаціліся душпастырскім досведам.
Капітан гродзенскай каманды выказаў спадзяванне на далейшыя запрашэнні на чэмпіянат і ўпэўніў, што Беларусь заўсёды будзе на ім прадстаўлена. На сустрэчы капітанаў было аб’яўлена, што ў 2012 годзе чэмпіянат пройдзе ў Венгрыі. Увечары падчас апошняй агульнай сустрэчы ўсе жадалі адзін аднаму плённай святарскай працы ў сваіх краінах і рабілі здымкі на памяць.
У пятніцу гродзенская каманда наведае парафію Брок (ломжынская дыяцэзія) па запрашэнні яе пробашча кс. Яраслава Грынашкевіча, які калісьці працаваў у нашай дыяцэзіі і быў рэдактарам дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця”. У Броку будзе адпраўлена св. Імша ў знак падзякі за магчымасць сустрэчы са святарамі-спартоўцамі з Еўропы і ўдзелу ў чэмпіянаце ў Кельцах. У Гродна святары вернуцца ў пятніцу, увечары.