Skip to main content

Завяршыўся візіт ad limina Apostolorum: нагода адчуць пульс Паўсюднага Касцёла

lateran 27У апошні дзень у межах ad limina Apostolorum, 7 лютага, каталіцкія біскупы Беларусі наведалі ў Ватыкане Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця і Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў.

У першай з іх па традыцыі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў ва ўступным слове сённяшнюю сітуацыю сям’і, моладзі, абароны жыцця і свецкіх асобаў у Беларусі. Пра душпастырства сем’яў у нашай краіне распавёў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, а пра душпастырства моладзі – дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Прадстаўнікі дыкастэрыі высока ацанілі пастырскую працу ў Беларусі ў галіне сям’і, моладзі, абароны жыцця і свецкіх. Яны падзякавалі ў асобах біскупаў усім тым, хто служыць сем’ям і моладзі.

Таксама ватыканская дыкастэрыя паведаміла пра падрыхтоўку да Сусветных дзён моладзі ў Панаме ў 2019 г. і Сусветнага кангрэсу сям’і ў Ірландыі ў 2018 г. Пры гэтым прадстаўнікі дыкастэрыі выказалі пажаданне, каб моладзь Беларусі не толькі брала ад сусветнага моладзевага форуму, але і ўносіла ў яго свой вопыт веры і культуру сваёй краіны.

rym ad limina 13

У Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек прадставіў сітуацыю і перспектывы грэка-каталіцкай супольнасці ў нашай краіне.

Кіраўніцтва кангрэгацыі выказала падзяку Касцёлу ў Беларусі за пілігрымкі на Святую Зямлю, што з’яўляецца знакам салідарнасці з хрысціянамі Блізкага Усходу, i за развіццё міжхрысціянскіх адносін.

На гэтым завяршыўся трэці візіт Ad limina біскупаў Беларусі ў Ватыкан. Як адзначыў старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, “ён стаў добрай нагодай мацней адчуць пульс Паўсюднага Касцёла, наведаць дыкастэрыі з мэтай прадставіць сітуацыю ў розных галінах душпастырства і пракансультавацца па існуючых праблемах, яшчэ раз упэўніцца ў калегіяльнасці епіскапату і спазнаць значэнне супольнай малітвы ў інтэнцыях нашай краіны, абмеркаваць касцёльна-дзяржаўныя адносіны і атрымаць падтрымку Апостальскага Пасаду, а таксама сустрэцца са Святым Айцом Францішкам, выслухаць яго пажаданні адносна пастырскай дзейнасці Касцёла ў Беларусі і запрасіць яго наведаць нашу краіну”.

zmartwystanki rym 7

Усе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вельмі ўдзячныя вернікам за малітоўную падтрымку візіту ad limina Apostolorum і ад усяго сэрца іх благаслаўляюць.

Біскупы вяртаюцца ў свае дыяцэзіі ўзбагачаныя ласкай прабывання ў сэрцы хрысціянства і натхнёныя на далейшае служэнне людзям і Касцёлу. Яны жадаюць разам са сваімі вернікамі крочыць шляхам, які ўказаў сам Хрыстус.

Кс. Юрый Марціновіч