Skip to main content

Біскупы Беларусі цэлебравалі Імшу ў базыліцы св. Яна на Латэране і наведалі Дзяржаўны Сакратарыят Ватыкана

lateran 65 лютага ў межах візіту ad limina Apostolorum, які ў гэты дзень праходзіць у Рыме, біскупы Беларусі наведалі базыліку св. Яна на Латэране, дзе цэлебравалі святую Імшу. Латэранская базыліка – гэта Маці і Галава ўсіх Касцёлаў горада і свету.

Літургію ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Падчас Эўхарыстыі епіскапат Беларусі асаблівым чынам маліўся аб узрастанні веры ў хрысціянах нашай краіны і аб дары мужнасці ў яе вызнаванні.

У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў увагу на асобу св. Агаты, якую Касцёл успамінае ў гэты дзень. Iерарх падкрэсліў яе моцную веру і любоў да Хрыста, якія дапамаглі ёй атрымаць духоўную перамогу ў жудасных цярпеннях. Біскуп дадаў, што сённяшняму свету патрэбны такія адважныя сведкі ў вызнаванні веры на ўзор св. Агаты, якая да канца засталася вернай Хрысту.

Таксама біскуп нагадаў пра значэнне базылікі св. Яна на Латэране як катэдры Папы Рымскага. Гэтая велічная святыня, збудаваная ў гонар св. Яна Хрысціцеля, адыграла вялікую ролю ў станаўленні і развіцці хрысціянства і надалей захоўвае сваё важнае значэнне. Аб гэтым сведчыць той факт, што біскупы, якія наведваюць Рым з візітам Ad limina, абавязкова цэлебруюць у ёй святую Імшу.

lateran 15

Гэты дзень завяршыўся для беларускіх біскупаў візітам у Дзяржаўны Сакратарыят Ватыкана, дзе іерархі сустрэліся з кіраўніком Другой яго секцыі (адпаведнік міністра замежных спраў) арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам. Падчас сустрэчы старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў яму пра касцёльна-дзяржаўныя адносіны ў нашай краіне, якія пакідаюць жадаць яшчэ шмат лепшага.

Гэта найперш адносіцца да негатыўнага погляду дзяржавы на служэнне ў Беларусі духоўных асобаў з-за мяжы, у якіх Касцёл яшчэ мае вялікую патрэбу. Нявырашанай да сённяшняга дня з’яўляецца таксама пытанне падрыхтоўкі і падпісання пагаднення (канкардату) паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам.

lateran 41

Арцыбіскуп Галахер з разуменнем паставіўся да прадстаўленых праблем, з якімі сустакаеццa Касцёл у Беларусі, асабліва праблем атрымання дазволу замежнымі святарамі для служэння ў Беларусі і цэлебрацыі Імшы святарам-турыстам, i паабяцаў прыкласці максімум намаганняў з мэтай іх станоўчага вырашэння.

Тэкст і фота: кс. Юрый Марціновіч