Skip to main content

Выйшаў Малітоўнік для хворых

malitounik beganski 3

З нагоды набліжэння Сусветнага дня хворых, які адзначаецца традыцыйна ва ўспамін аб’яўлення Маці Божай у Люрдзе, што прыпадае 11 лютага, у Гродзенскай дыяцэзіі выйшаў новы малітоўнік пад назвай “Малітоўнік для хворых”.

Малітоўнік фарматам 70x100/32 змяшчае малітвы на дзвюх мовах: беларускай і польскай. Яго можна набыць у самога аўтара (кс. Юрый Бяганскі), у гродзенскай каталіцкай краме пры біскупскай курыі ці ў іншых месцах.

malitounik beganski 1

Гэтае выданне было падрыхтавана дзякуючы старанням душпастыра хворых Лідскай бальніцы кс. Юрыя Бяганскага, будучы ратункам душы і цела нярэдка для безнадзейна хворых і для тых, якія іх падтрымліваюць. Яно служыць таксама ў мэтах цэлебрацыі набажэнстваў для тых, якія прыкуты да ложка, і між іншым змяшчае: рытуал удзялення віятыку, штодзённыя малітвы, малітвы аб паратунку цела і душы ад розных хваробаў, сямейныя малітвы (напр., набажэнства бацькоў за дзіця ва ўлонні маці; маці ў благаслаўлёным стане, цяжарнасць якой знаходзіцца пад пагрозай; за хворае дзіця; за дзяцей, якім пагражае аборт; аб міры ў сям’і і інш.), малітвы за канаючых, малітвы службы аховы здароўя і малітвы падзякі за атрыманне ласкі выздараўлення.

Карыстаючыся гэтым малітоўнікам, вернікі могуць звярнуцца ў сваіх інтэнцыях не толькі да Бога ў Тройцы Адзінага, але і да Маці нашага Збаўцы, анёлаў-ахоўнікаў і святых Касцёла. Яны змогуць звяртацца да іх як праз асабістыя малітвы, так і праз літаніі, Крыжовы шлях, Вяночкі і навэнны.

malitounik beganski 2

Аднак самай вялікай каштоўнасцю Малітоўніка для хворых і тых, хто іх падтрымлівае, з’яўляецца тое, што ён не толькі заахвочвае іх да малітвы, але і натхняе да пошуку ўласнай размовы з Богам. Як адзначае св. Ян Павел ІІ: “Чалавек вялікі не дзякуючы таму, чым валодае, а дзякуючы таму, кім з’яўляецца; не дзякуючы таму, што мае, а дзякуючы таму, чым дзеліцца з іншымі”.

У 2018 г. Сусветны дзень хворых адзначаецца ў дваццаць шосты раз. Яго сёлетняя тэма ўзята з Евангелля паводле Яна: Mater Ecclesiae: “Вось сын Твой (...) Вось Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 26-27).

Кс. Юрый Марціновіч