4 лютага ў межах візіту ad limina Apostolorum біскупы Беларусі наведалі генеральны дом Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста. У капліцы манаскага дома іерархі цэлебравалі святую Імшу.
Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што Кангрэгацыя сясцёр змёртвыхпаўстанак мае шмат агульнага з Беларуссю, бо яе заснавальніца Цэліна з Хлюдзінскіх Бажэнцкая нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антавілі каля Оршы. У 1853 г. яна выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага і пасялілася ў Абрэмшчыне каля Гродна.
Пасля смерці мужа, у 1875 г., Цэліна выехала ў Рым, дзе разам са сваёй дачкой Ядвігай у 1891 г. стала заснавальніцай новай супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак.
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што сёння вельмі важнай з’яўляецца перадача веры наступным пакаленням. Іерарх падкрэсліў, што клопат аб тым, каб перадаць веру дзецям і моладзі, каб прывіць ім любоў да Езуса Хрыста, з’яўляецца адным з найважнейшых у жыцці кожнага сужэнства і сям’і. Па словах арцыбіскупа, гэта нялёгкае заданне ў цяперашні час – у свеце, які адцягвае ад веры, які вельмі часта вызнае зусім іншыя каштоўнасці.
На заканчэнне Эўхарыстыі старшыня епіскапату Беларусі падзякаваў сёстрам змёртвыхпаўстанкам за запрашэнне і дар супольнай малітвы.
Кангрэгацыя Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста ўдзельнічае ў збаўчай дзейнасці ўсяго Касцёла паўсюль, дзе Уваскросламу Хрысту патрэбны іх сэрцы і рукі, каб любіць і дапамагаць, весці людзей шляхамі святасці да паўнаты шчасця ў Богу. Яны вядуць катэхетычную працу ў парафіях, школах, дзіцячых садках, шпіталях. Асаблівым клопатам атачаюць хворых, церпячых, а таксама моладзь, якая шукае сэнсу жыцця і шляху ўласнага паклікання.
Сёння дамы Кангрэгацыі сясцёр змёртвыхпаўстанак знаходзяцца ў Польшчы, Беларусі (Наваполацк, Віцебская дыяцэзія), Італія, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аргенціне, Аўстраліі і Танзаніі. Сілы для выканання свайго пасланніцтва сёстры чэрпаюць з адарацыі і Эўхарыстыі, праслаўляючы Бога, які ёсць Любоў.
Тэкст і фота: кс. Юрый Марціновіч