Skip to main content

Спатканне з Чанстахоўскай Божай Маці

23 лютага ўдзельнікі V Чэмпіяната Еўропы ў Кельцах наведалі санктуарый у Чанстахове. А 11.00 усе ўдзельнічалі ў св. Імшы перад цудоўным абразам Чанстахоўскай Божай Маці. Узначаліў Эўхарыстыю былы капітан польскай каманды кс. Дарыуш Серадзы, які зараз з’яўляецца адным з галоўных арганізатараў чэмпіяната.
Падчас св. Імшы ўсіх прысутных прывітаў ад імя айца генерала адзін з братоў паўлінаў. У пачатку Эўхарыстыі ён адзначыў, што нягледзячы на розныя нацыянальнасці, усе мы прыходзім да нашай Маці, якая з’яўляецца Маці кожнага святара. З казаннем звярнуўся да прысутных кс. Марэк Лосяк, сённяшні капітан польскай каманды. Ён прыгадаў мінулыя чэмпіянаты, якія праходзілі ў 2005 г. у Аўстрыі, 2006 г. – у Харватыі, 2007 г. – у Босніі і Герцэгавіне, 2009 г. – у Партугаліі. Кс. Марэк падкрэсліў таксама, што ўсе святары-спартсмены - гэта адна святарская сям’я: “Марыя, Маці Святароў, вядзе кожнага з нас да Хрыста, падпавядаючы кожнаму: зрабіце ўсё, што вам скажа Сын. Апроч атрымання фізічнай энергіі, кожны з нас перад усім узбагачаецца духоўна”. Пасля св. Імшы ўсе ўдзельнікі чэмпіяната пазнаёміліся з гісторыяй санктуарыя, а таксама бавілі час у прыязных душпастырскіх размовах.
Капітан гродзенскай каманды кс. Павел Салабуда заўважыў, што “футбол – гэта час радасці і знаёмстваў, якія ўзбагацяць кожнага з нас. Акрамя спорта, мы перад усім святары, і таму нас вельмі цікавіць душпастырскі досвед святароў з Еўропы. Таму мы вельмі ўдзячныя арганізатарам, якія паклапаціліся пра тое, каб у месцах размяшчэння штовечар адбываліся супольныя сустрэчы святароў”.
Ужо вядома, што найлепшым футбалістам нашай каманды стаў кс. Ян Рушніцкі, брамнік. У чацвер, 24 лютага, будуць разыграны найважнейшыя матчы чэмпіяната. Святары наведаюць таксама санктуарый Святога Крыжа.