Skip to main content

Зборная святароў правяла апошнюю трэніроўку перад вылетам на чэмпіянат Еўропы па міні-футболе

padryhtouka futbol 2Каманда святароў Гродзенскай дыяцэзіі завяршае падрыхтоўку да чарговага чэмпітянату Еўропы па міні-футболе сярод духавенства, які з 5 па 8 лютага пройдзе ў італьянскія горадзе Брэшыа.

Зборная трэніруецца ў Лідзе на базе спартыўнага комплекса “Алімпія” пад кіраўніцтвам кіраўніка міні-футбольнага клубу “Лідсельмаш” Андрэя Багдзевіча. Перад вылетам у Італію прадстаўнікі незвычайнага спартыўнага калектыву распавялі пра планы на турнір, пра ўзаемаадносіны на пляцоўцы і пра глабальныя задачы, якія атрымліваецца вырашаць з дапамогай міні-футболу.

“Мы святары, таму самым галоўным для нас з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля, Божага слова, – адзначае кс. Дзяніс Бразінскі, вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. – Футбол – гэта хобі, але і з яго хочацца выціснуць максімум. Трэнер пераконвае, што на чэмпіянаце Еўропы нам па сілах трапіць у лік прызёраў, трэба толькі паверыць у сябе, ва ўласныя сілы. На трэніроўках усё быццам бы атрымоўваецца, а калі выходзім на спарынг – зусім іншыя гульня, у адмоўным сэнсе. Тым не менш мы вельмі матываваны і пастараемся зрабіць усё магчымае, каб дасягнуць лепшага выніку”.

padryhtouka futbol 3

Ксёндз Дзяніс Бразінскі – брамнік, будучы чэмпіянат Еўропы стане для яго другім. У зборную святароў ён трапіў нядаўна, пасля таго, як стаў прэзбітэрам. Гэта абавязковая ўмова для ўсіх удзельнікаў дадзенага турніру.

Андрэй Багдзевіч у якасці трэнера беларускай зборнай святароў накіруецца на чэмпіянат Еўропы ўжо ў трэці раз. Ён прызнаецца, што спачатку адчуваў цяжкасці пры зносінах са сваімі падапечнымі, бо кіраваць калектывам святароў было сарамліва.

“Цяпер я не адчуваю розніцы ў зносінах – што з футбалістамі “Лідсельмашу”, што з прадстаўнікамі зборнай святароў, – кажа Андрэй Багдзевіч. – Раней было крыху некамфортна, але мы вельмі хутка знайшлі агульную мову. Каманда ў нас вельмі дружная, кампанейская, на трэніроўках мы пастаянна жартуем, размаўляем на розныя тэмы. Але самае галоўнае – мае падапечныя не толькі нясуць Божае слова, але і асабістым прыкладам паказваюць, што спорт і задровы лад жыцця вельмі важныя для кожнага чалавека”.

Паводле lidanews.by