Skip to main content

Cустрэча кансэкраваных асоб прайшла ў Гродне: знайсці любоў у Хрысце

kansekr 1

1 лютага ў Гродне адбылася сустрэча законных сясцёр і айцоў, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча была прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца 2 лютага.

Сустрэча пачалася ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі). Назарэтанкі, серафіткі, кармэліткі, ядвіжанкі, нотрдамкі, рэдэмптарысты, францішкане, піяры, аблаты, кармэліты, салезіяне і іншыя прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі дзякавалі Богу за дар манаскага паклікання, якое яны кожны дзень рэалізуюць, служачы Пану і людзям.

Адкрыцца на дар Духа Святога

Прысутныя паслухалі канферэнцыю, з якой выступіў а. Казімір Мараўскі OСD на тэму “Роля Духа Святога ў развіцці духоўнага жыцця з асаблівай увагай да жыцця кансэкраванага”.

kansekr 2Святар адзначыў, што галоўным дзеячам асвячэння кожнага чалавека з’яўляецца Дух Святы. “Мы, кансэкраваныя асобы, з’яўляемся ў свеце проста хрысціянамі, вучнямі Хрыста, і гаворка, па сутнасці, ні аб чым больш не ідзе, як аб жыцці Евангеллем з усёй радыкальнасцю і паўнатой радасці, якая з’яўляецца плёнам Духа”, – дадаў а. Мараўскі.

Па словах святара, Дух Святы з’яўляецца вялікім дарам, Ён прысутны і дзейсны з моманту хросту разам з Айцом і Сынам, а Яго дапамога і прысутнасць пастаянная і паўсюдная. “Будзем заклікаць Яго і будзем усведамляць Яго прысутнасць і дзейнасць у нашым штодзённым служэнні”, – заахвоціў а. Мараўскі.

Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў кс. канонік Ян Кучынскі, біскупскі вікарый Гродзенскага рэгіёна.

kansekr 3Падтрымаць малітвай усіх кансэкраваных асобаў дыяцэзіі прыбылі шматлікія жыхары горада Гродна. Для іх гэта была таксама нагода малітоўна падзякаваць усім тым, хто сваім прыкладам і апостальскай руплівасцю паказвае ім шлях да неба.

Падчас Эўхарыстыі асабліва маліліся ў інтэнцыі новых манаскіх пакліканняў, за ўсіх манахаў і манахінь, каб сваім штодзённым служэннем і харызматамі сваіх супольнасцяў яны ўзбагачалі Касцёл на Гродзеншчыне.

Асвячаць шлях іншым

У гаміліі кс. канонік Ян Кучынскі растлумачыў, чым з’яўляецца манаская кансэкрацыя, якая засноўваецца на поўным, бескарыслівым адданні сябе Богу, даверы Яму свайго жыцця і служэнні Яму і людзям. “Сёння мы дзякуем Пану Богу за ўсіх манаскіх асобаў нашай дыяцэзіі, якія сваімі харызматамі ажыўляюць наш мясцовы Касцёл. Дзякуем за тое, што нясуць Божае слова ў чалавечае жыццё”, – дадаў кс. Кучынскі.

Святар заклікаў усіх прысутных да малітвы аб новых пакліканнях у Касцёле, каб “маглі так, як Сімяон і Ганна, славіць Бога днём і ноччу і казаць пра Яго іншым”.

kansekr 4Звяртаючыся да кансэкраваных асобаў, біскупскі вікарый пажадаў, каб кожны з іх мог сустрэць Езуса Хрыста і быць для вернікаў, якія ім даручаны, сапраўдным святлом. “Туды, куды цяжка дайсці, даходзяць заўсёды сёстры законныя са сваёй паслугай. Туды, куды цяжка даехаць, даязджаюць законныя айцы. Уносьце Евангелле ў жыццё на катэхезе і на розных сустрэчах. Будзьце там паўсюль сапраўдным святлом. Асвячайце шляхі чалавека”, – сказаў кс. Кучынскі.

Падчас Імшы ўсе кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. Такім чынам яны быццам нанова аднавілі сваю любоў да Бога, якому цалкам даверылі сваё жыццё, а таксама да Касцёла, які стаў іх Маці. Аднаўляючы абяцанні, яны запэўнілі, што далей будуць з вялікай руплівасцю служыць Касцёлу і ўсім вернікам.

У сённяшнім свеце, калі знакі Божай прысутнасці ўсё больш размываюцца, калі чуем, што вера – гэта прыватная справа, калі з’яўляемся сведкамі пашырэння т.зв. “культуры часовасці”, кансэкраваныя асобы сведчаннем свайго радаснага жыцця жадаюць паказваць, што ў Хрысце можна знайсці сапраўдную любоў, верную, цярплівую і трывалую; любоў, якая не заканчваецца з першым сутыкненнем з нягодамі.

kansekr 5Прысутнасць столькіх манахаў і манахінь у гродзенскай катэдры з нагоды Дня кансэкраванага жыцця паказала ўсім вернікам нярэдка невядомую прыгажосць Касцёла, а для саміх кансэкраваных асобаў стала крыніцай радасці і духоўнага аднаўлення.

Кс. Юрый Марціновіч