Сустрэча біскупаў Беларусі св Святым Айцом Францішкам, якая адбылася 1 лютага ў Ватыкане ў межах візіту ad limina Apostolorum, прайшла ў вельмі сардэчнай і братэрскай атмасферы, а таксама была поўнай клопату Папы Францішка аб нашым Касцёле ў Беларусі.
“Кожны мог выказацца. Мы размаўлялі адной мовай – мовай клопату аб Касцёле ў нашай краіне, – адзначае дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. – Было вельмі яскрава відаць, што для Папы важны найперш чалавек, каб той знайшоў праз наша служэнне шлях да Пана Бога; каб мог быць бліжэй да Яго, значыць бліжэй да дабрыні; каб дзяліўся гэтай дабрынёй з іншымі, так, каб сённяшні збунтаваны свет быў больш чалавечым”.
Іерарх дадае, што падчас сустрэчы размаўлялі з Пантыфікам між іншым аб папярэдніх пакаленнях, заслужаных і руплівых святарах, дзякуючы якім вытрывала вера на нашых землях. Біскупы ўзгадвалі, што менавіта ў нашай краіне шмат сем’яў можна назваць “хатнім Касцёлам”.
Святы Айцец цікавіўся сучасным пакаленнем маладых людзей, а таксама тым, якім чынам вядзецца для іх душпастырства.
“Я адзначыў, што мы стараемся выходзіць да маладых людзей і іх шукаць, а таксама пакладаем вялікую надзею на тую моладзь, якая ёсць у Касцёле. Нам вельмі важна, каб гэтая частка была як быццам апосталамі для сваіх аднагодкаў. Мы ўсведамляем, што тады, калі малады звяртаецца да маладога, гэтае слова хутчэй і лягчэй дасягае яго, тады няма ніякага бар’еру. Тых, хто знаходзіцца ў Касцёле, прасіў сам Папа, каб былі ў свеце і яму перадавалі Евангелле, поўнае дабрыні, любові, прабачэння, разумення, паяднання і клопату аб чалавеку і ўсяго, што Пан Бог чалавеку даў у валоданне ў падарунак”, – паведаміў біскуп Станеўскі.
Сустрэча доўжылася дзве з паловай гадзіны. Біскупы разам з Папам прамовілі малітву, а на заканчэнне атрымалі апостальскае благаслаўленне, якое было ўдзелена ім і ўсім вернікам Касцёла ў Беларусі.
“Мы вельмі шчаслівыя, што маглі сустрэцца з Папам. Мы адчувалі сябе ў гэты час так, як апосталы побач з Хрыстом, калі маглі пытацца Святога Айца і дзяліцца з ім тым, чым жыве наш Касцёл у Беларусі. Наш Касцёл жыве, развіваецца і ідзе шляхам, вызначаным для нас Панам”, – падсумаваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі сустрэчу са Святым Айцом.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Ватыканскае радыё