1 лютага біскупы Беларусі цэлебравалі св. Імшу на алтары ля магілы св. Пятра ў ватыканскай базыліцы. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Цэлебрацыя літургіі адбылася ў межах візіту беларускіх іерархаў ad limina Apostolorum, які праходзіць у гэтыя дні.
У размове з grodnensis.by дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў, што свой візіт іерархі афіцыйна пачалі з малітвы ў Ватыканскіх гротах у інтэнцыі ўсёй Беларусі і ўсіх яе жыхароў.
“Падчас літургіі мы дзякавалі за давер Пана Бога кожнаму з нас, а таксама маліліся, каб усе жыхары Беларусі на пытанне Пана, кім яны лічаць Сына Чалавечага, адказалі з вялікай верай: Збаўцам, які адарыў усіх любоўю”, – распавёў біскуп.
Іерарх дадаў, што ў гэты дзень ён адзначае чацвёртую гадавіну прыняцця біскупскай сакры, таму асаблівым чынам перажываў гэтую літургію, вяртаючыся да таго моманту, калі прыняў пасвячэнне ў гродзенскай катэдры. “Я вяртаўся думкамі да той хвіліны, калі Езус праз рашэнне Святога Айца Францішка запытаўся ў мяне: ці любіш Мяне і ці хочаш Мне служыць усім сваім жыццём?” – падзяліўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
Іерарх адзначыў, што менавіта ў гэты дзень дзякуе Богу за ўсіх людзей, якія перадалі яму дар веры і былі яе прыкладам, а таксама дзякуе за ўсіх, хто спадарожнічаў яму сваёй малітвай і прысутнасцю ў той святочны дзень чатыры гады таму. “Я вельмі ўдзячны нашаму біскупу Аляксандру Кашкевічу за яго давер і айцоўскі клопат аб усіх”, – дадаў біскуп Станеўскі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Ватыканскае радыё